Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад пра адказнасць перад тымі, хто прыйдзе пасля нас

Больш за 90% насельніцтва свету, больш за 6 мільярдаў чалавек, жыве ў рэгіёнах з перавышанай нормай забруджвання паветра, звярнуў увагу прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні Савета па правах чалавека на тэму бяспечнага, чыстага, здаровага і ўстойлівага навакольнага асяроддзя. Яно прайшло 4 сакавіка 2019 г. у Жэневе.

Іерарх нагадаў, што, паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ва ўсім свеце каля 4,2 мільёна заўчасных смерцяў звязаныя з забруджваннем навакольнага асяроддзя.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што змяненне клімату і забруджванне паветра цесна звязаныя паміж сабой, паколькі выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу ўзнікаюць у асноўным ад выкарыстання чалавецтвам выкапняў і біямасы ў якасці паліва.

“Паколькі выжыванне чалавечай сям’і залежыць ад біяразнастайнасці, мы не можам працягваць глядзець на прыроду як на нешта адасобленае. Навуковыя дадзеныя, якія ёсць у нашым распараджэнні, выразна паказваюць на надзённую неабходнасць аператыўных дзеянняў, у кантэксце этыкі, справядлівасці, адказнасці і сацыяльнай справядлівасці”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Юркавіч.

Іерарх нагадаў, што менавіта беднасць прымушае людзей звяртацца да забруджвальных крыніц энергіі для задавальнення сваіх асноўных патрэб, таму экалагічны падыход заўсёды ўключае ў сябе падыход сацыяльны.

Дрэнная якасць паветра з’яўляецца фактарам шырокага спектру пабочных эфектаў, якія ўплываюць на людзей на працягу ўсяго іх жыцця. Таму Святы Пасад лічыць неабходным перайсці ад рашэнняў і ўрачыстых абавязацельстваў да дзеяння, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Ён нагадаў заклік Францішка, задумацца аб нашай адказнасці перад тымі, хто прыйдзе пасля нас.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 сакавіка 2019, 11:12