Наступствы паводкі ў Іране Наступствы паводкі ў Іране 

Пантыфік выказаў салідарнасць з пацярпелымі ад паводкі ў Іране

Святы Айцец выказаў салідарнасць з пацярпелымі ад паводкі ў Іране. Спачувальную тэлеграму ад яго імя скіраваў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

“Яго Святасць Францішак са смуткам прыняў навіну пра гібель людзей, пра раны і разбурэнні, выкліканыя паводкамі ў розных раёнах Ірана, і папрасіў мяне выказаць яго шчырую салідарнасць з усімі пацярпелымі. Яго Святасць давярае душы памерлых любові Міласэрнага і моліцца аб Божых ласках суцяшэння і сіл для тых, хто аплаквае сваіх блізкіх. Молячыся за супрацоўнікаў ратавальных службаў і поспех усіх намаганняў, якія прыкладаюцца для аказання дапамогі, ён давярае народ Ірана Божаму Провіду”, - гаворыцца ў тэлеграме.

Праліўныя дажджы сталі прычынай паводкі ў больш чым 20 правінцыях Ірана. Многія рэкі выйшлі з берагоў і затапілі гарады і паселішчы. Паведамляецца аб прынамсі 20 загінулых і каля 70 параненых.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 сакавіка 2019, 11:47