Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад: рэлігіі спрыяюць міру і свабодзе

Сапраўдныя рэлігійныя каштоўнасці спрыяюць міру, свабодзе, пашырэнню адукаванасці, абароне дзяцей, пажылых і хворых, а таксама барацьбе з тэрарызмам, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у канферэнцыі на тэму “Міжрэлігійны дыялог у Нью-Ёрку: будаванне сацыяльнай еднасці і інклюзіўнага грамадства”. Ён звярнуў увагу на значэнне Дэкларацыі аб братэрстве, якая была падпісана 4 лютага 2019 г. падчас візіту Папы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Кожны ўдзельнік форума атрымаў асобнік гэтага дакумента.

Міжрэлігійны дыялог – гэта неабходная ўмова для міру ў свеце і гарантавання сапраўднага чалавечага прагрэсу, сказаў іерарх. Ён нагадаў, што насілле ў імя Бога – гэта блюзнерства. “Сапраўдная рэлігійная пабожнасць прадугледжвае толькі любоў да Бога і бліжняга”, - сцвердзіў арцыбіскуп.

Паводле ватыканскага дыпламата, для будавання інклюзіўнага грамадства, фундаментальна важна, каб вызнаўцы рэлігій былі “каналамі братэрства”. Трэба мець “адвагу ў прыняцці адметнасцей”, аб чым часта кажа Францішак, гарантаваць рэлігійную свабоду, без якой немагчымы сапраўдны міжрэлігійны дыялог, забяспечыць веды аб гісторыі і традыцыі адно аднаго.

“Сапраўдны дыялог прадугледжвае сітуацыю, калі кожны з бакоў мае жаданне развіваць і паглыбляць узаемнае знаёмства”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 лютага 2019, 11:14