Папы падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром Савета Еўропы Папы падчас сустрэчы з Генеральным сакратаром Савета Еўропы 

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі кіраўніка Савета Еўропы

Сёння на палітычнай арэне, дзе шмат гаворыцца пра абарону правоў чалавека, умацаванне міжнародных інстытутаў і барацьбу з беднасцю, голас Папы надзвычай важны, лічыць Генсек Савета Еўропы.

17 студзеня 2019 г. Турбʼёрн Ягланд быў прыняты Францішкам на аўдыенцыі ў Ватыкане. Па выніках сустрэчы кіраўнік міжнароднай арганізацыі адзначыў, што сустрэча стала магчымасцю абмяняцца поглядамі на шэраг важных праблем, сярод якіх – супрацоўніцтва ў сферы абароны непаўналетніх, забеспячэнне павагі да правоў чалавека і захаванне міру на кантыненце.

Па словах Генеральнага сакратара Савета Еўропы, абарона правоў дзяцей і непаўналетніх – агульначалавечая патрэба, актуальная ў тым ліку і для Каталіцкага Касцёла, які шукае спосабы супрацьстаяць выпадкам сексуальнага злоўжывання адносна непаўналетніх. Па словах Ягланда, у ходзе сустрэчы ён ухваліў ініцыятыву Францішка па скліканні ў лютым 2019 г. біскупскай нарады на тэму злоўжыванняў і выказаў перакананне, што Святы Пасад і Савет Еўропы маглі б аб’яднаць наяўныя сілы для сумеснага супрацьстаяння насіллю.

“Я расказаў, што мы маем юрыдычны інструмент у форме Канвенцыі (аб абароне дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі і зняваг сексуальнага характару) (...) Як варыянт, які я і прапанаваў Пантыфіку, Святы Пасад мог бы далучыцца да гэтай Канвенцыі (…) і стаць яе 47-м членам у Еўропе”, - падзяліўся спадар Ягланд.

“Калі Ватыкан і Савет Еўропы разам скіруюць свету яснае пасланне, сцвярджаючы, што сексуальнае злоўжыванне ў дачыненні да непаўналетніх – з’ява не толькі непрымальная, але і незаконная, такое пасланне будзе сапраўды вельмі моцным”, - лічыць Генеральны сакратар.

Турбʼёрн Ягланд адзначыў вялікі аўтарытэт Святога Айца на міжнароднай арэне, у тым ліку таму, што ён не баіцца выказвацца на вострыя, невыгодныя пытанні. “Папа казаў пра міграцыю, пра якую, відавочна, ні адзін палітычны лідар не хоча чуць. А ён пра гэта кажа, і гэта надае вагу яго ролі”, - падзяліўся палітык.

Па яго словах, меркаванне Францішка надзвычай важнае сёння, калі ў свеце шмат гаворыцца пра неабходнасць абараняць міжнародныя інстытуты, мультылатэралізм, змагацца за вынішчэнне беднасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 студзеня 2019, 14:28