Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

В’етнамска-ватыканскія адносіны выходзяць на новы ўзровень

Адносіны паміж В’етнамам і Святым Пасадам апошнім часам адзначаюцца станоўчымі падзеямі, у прыватнасці, падтрыманнем рэгулярных кантактаў, у тым ліку і на самым высокім узроўні.

Гэта сцвярджаецца ў апублікаваным 20 снежня 2018 г. паведамленні па выніках 7-га пасяджэння в’етнамска-ватыканскай Сумеснай рабочай групы. Яно праходзіла 18-20 снежня 2018 г.

Абодва бакі пагадзіліся, што адносіны варта працягваць падтрымліваць на аснове ўзаемна ўзгодненых прынцыпаў і плённага дыялогу ў мэтах умацавання даверу і ў інтарэсах абодвух бакоў, а таксама каталіцкай супольнасці ў В’етнаме.

Была дасягнута дамоўленасць па павышэнні ўзроўню дыпламатычных адносін з непастаяннага да пастаяннага папскага прадстаўніка ў В’етнаме. Гэта будзе рэалізавана ў бліжэйшай будучыні.

Святы Пасад выказаў сваю ўдзячнасць за тое, што в’етнамскія ўлады ў апошнія гады надаюць увагу Каталіцкаму Касцёлу, і звярнуўся да католікаў В’етнама ўносіць свой уклад у агульнае дабро і росквіт краіны.

В’етнамскі бок пацвердзіў, што в’етнамскія партыя і дзяржава паслядоўна паляпшаюць сітуацыю з забеспячэннем свабоды перакананняў і рэлігіі, палягчаюць дзейнасць каталіцкай супольнасці ў адпаведнасці з законам. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі таксама пытанні, якія тычацца падзелу дыяцэзій і прызначэння біскупаў у В’етнаме.

Адзначаецца, што сустрэча праходзіла ў цёплай і ўзаемапаважлівай атмасферы.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 снежня 2018, 13:22