Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: змена ладу жыцця для прадухілення экалагічнай драмы

На важнасць умацавання адказнай палітыкі звяртаецца ўвага ў выніковай заяве дэлегацыі Святога Пасаду на 24-й Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP24).

Змяненне клімату з’яўляецца глабальнай праблемай, з сур’ёзнымі наступствамі: экалагічнымі, сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі, гаворыцца ў тэксце, апублікаваным 19 снежня 2018 г. у Ватыкане. Гучыць падзяка ў бок краін, чые прадстаўнікі 2-15 снежня 2018 г. у польскім Катавіцэ вялі дыскусію над правіламі для ажыццяўлення Парыжскага пагаднення.

Дасягнуты кансэнсус з’яўляецца пацвярджэннем абавязацельстваў, прынятых тры гады таму ў Парыжы, гаворыцца ў заяве. Але, на думку Святога Пасаду, у выніковым дакуменце занадта мала акцэнтуюцца правы чалавека і ўздзеянне змены клімату на найбольш уразлівых асоб на зямлі.

Ватыканскі бок прапануе шэраг канкрэтных мер для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў свеце, сярод якіх скарачэнне выкідаў парніковых газаў, дэкарбанізацыя эканомікі, празрыстасць у рэалізацыі кожнай краінай сваіх абавязацельстваў, садзейнічанне адукацыі ў галіне ўстойлівага развіцця. Таксама, на думку Святога Пасаду, патрэбна змена ладу жыцця ў бок сапраўднай глабальнай салідарнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2018, 14:55