Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: не прыносьце сябе ў ахвяру заробку і кар’еры

Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін здзейсніў двухдзённы візіт у горад Таранта, ва ўспамін 50-годдзя з дня візіту ў італьянскі прамысловы цэнтр папы Паўла VI.

Ватыканскі іерарх прыбыў у Таранта 22 снежня 2018 г. На наступны дзень ён сустрэўся з супрацоўнікамі і кіраўніцтвам буйнога металургічнага завода “ArcelorMittal Italia”, пасля чаго ўзначаліў Эўхарыстычнае набажэнства ў мясцовым катэдральным касцёле.

У сваёй гаміліі пурпурат падкрэсліў, што ў чацвёртую нядзелю Адвэнту, усяго за некалькі дзён да свята Божага Нараджэння, запрашэнне Касцёла выйсці насустрач Пану, трываючы ў малітве, радуючыся ў Яго праслаўленні і праяўляючы руплівасць ва ўчынках міласэрнасці, гучыць найбольш настойліва.

Па словах кардынала Параліна, наведзіны Марыяй св. Альжбеты, пра якое ішла гаворка ў літургіі Слова (Лк 1, 57-66), – гэта “вобраз евангелізацыі, якая скіроўваецца да пакорных, да малых. Марыя, Маці і ўзор Касцёла, вучыць нас рабіць першыя крокі, каб абвяшчаць і выяўляць прыкметы Божага Валадарства сярод людзей”.

Евангельскія наведзіны нагадваюць таксама пра візіт папы Паўла VI у Таранта і яго словы прывітання, скіраваныя да мясцовых вернікаў: “Мы прыйшлі, каб адсюль, нібы гучны трубны звон, абвясціць чалавецтву, якое вучыцца, працуе, стамляецца, пакутуе, плача і спадзяецца, благаслаўлёную вестку пра Божае Нараджэнне; гэта вестка Бэтлеемскіх анёлаў: сёння нарадзіўся ваш Збавіцель, Хрыстус Пан”.

На думку ватыканскага іерарха, сваім візітам у Таранта св. Павел VI нібы хацеў сцвердзіць, што “не існуе месца або сітуацыі, у якіх Евангелле не магло б ці не павінна было б абвяшчацца. Ён хацеў скараціць адлегласць паміж светам працы і рэлігіяй, якія, па яго ўласных словах, з’яўляюцца дзвюма адасобленымі, разарванымі, часта нават супрацьлеглымі рэчамі”.

“[Праз сваіх пастыраў Касцёл не стамляецца паўтараць, што не чалавек павінен працаваць на вытворчасць і эканоміку, але вытворчасць і эканоміка – на чалавека, каб заробак і кар’ера не ператвараліся ў ідалаў, тыранаў, якім трэба прыносіць у ахвяру ўласную годнасць]”

, - адзначыў кардынал Паралін.

Побач з працоўным пытаннем пурпурат узняў праблемы экалогіі і аховы здароўя, якія для Таранта стаяць асабліва востра.

“Праца, навакольнае асяроддзе і здароўе не павінны канфліктаваць паміж сабой, не могуць быць несумяшчальнымі. На навуковы і тэхналагічны прагрэс і на разважлівае дзеянне тых, хто мае гонар і цяжар грамадскай улады, ускладаецца заданне знайсці шляхі прымірэння”, - нагадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Паралін павіншаваў усіх прысутных са святам Божага Нараджэння і пажадаў, “каб Дзева Марыя, Маці Касцёла, і св. Юзаф, Яе абраннік, які побач з Езусам працаваў кожны дзень, каб зарабіць на хлеб штодзённы, падтрымлівалі працаўнікоў у іх паўсядзённым жыцці і заступаліся за беспрацоўных, бедных і тых, хто стаў ахвярай няшчасных выпадкаў на працы”.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2018, 13:45