Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для Джузэпэ Контэ Папа падчас аўдыенцыі для Джузэпэ Контэ 

Папа прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Італіі

15 снежня 2018 г. Святы Айцец Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі прэм’ер-міністра Італіі Джузэпэ Контэ. Пасля размовы за закрытымі дзвярыма адбыўся традыцыйны абмен падарункамі.

Джузэпэ Контэ, які ўзначальвае італьянскі ўрад з 1 чэрвеня 2018 г., упершыню быў прыняты ў Ватыкане. Зала Друку Апостальскай Сталіцы ўдакладніла, што аўдыенцыя насіла планавы характар: напачатку мандата кожнага новага італьянскага прэм’ер-міністра, заўсёды скіроўваецца просьба аб аўдыенцыі ў Святога Айца.

Палітык прыбыў у суправаджэнні пасла Італіі пры Апостальскай Сталіцы, Пьетра Себасцьяні. Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні за закрытымі дзвярыма ў бібліятэцы ватыканскага Апостальскага палацу. Сустрэча працягвалася каля 30 хвілін.

Рэпартаж з аўдыенцыі для прэм'ер-міністра Італіі

Пасля размовы Пантыфік уручыў італьянскаму прэм’еру асобнік сваёй энцыклікі “Laudato si’” і памятны медаль з выявай аліўкавай галінкі, якая злучае разламаны камень – у якасці сімвалу і пажадання міру. Контэ, у сваю чаргу, падарыў тры тома старажытнага ілюстраванага выдання “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры з каментарам італьянскага пісьменніка, літаратуразнаўцы і палітыка Нікола Тамазэа.

Перш чым пакінуць Апостальскі палац старшыня Савета міністраў Італіі павіншаваў Папу з надыходзячым днём народзінаў. 17 снежня ён адзначыць сваё 82-годдзе.

Францішак ўжо сустракаўся з Джузэпэ Контэ ў 2016 г. падчас свайго візіту ў каталіцкі студэнцкі цэнтр “Villa Nazareth” у Рыме. Контэ звязаны з гэтай структурай, бо наведваў яе яшчэ будучы студэнтам.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 снежня 2018, 14:49