Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP)

Святы Пасад: індзейскія народы маюць права на самавызначэнне

Нягледзячы на пэўны прагрэс, прыродная, культурная і духоўная спадчына многіх індзейскіх народаў застаецца пад пагрозай, заўважыў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў аб правах карэннага насельніцтва Лацінскай Амерыкі ў ходзе 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Ватыканскі дыпламат асудзіў эканамічную і ідэалагічную каланізацыю, якая навязваецца карэнным народам “пад сцягам так званага прагрэса”. Ён звярнуў увагу на вынішчэнне прыродных багаццяў Амазоніі буйнымі карпарацыямі, а таксама на ігнараванне правоў людзей, якія насяляюць гэты рэгіён.

“Мы павінны зламаць гістарычную парадыгму, згодна з якой Амазонія і іншыя рэгіёны нашага свету, якія багатыя рэсурсамі, успрымаюцца як невычэрпныя крыніцы багацця, прызначаныя для эксплуатацыі”

- падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Дыпламат агучыў пазіцыю Святога Пасаду адносна таго, што карэнныя народы Лацінскай Амерыкі павінны ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, што тычацца іх інтарэсаў, павінны мець уласныя структуры, а таксама права на самавызначэнне.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў пра абавязак абароны нематэрыяльнай спадчыны карэнных народаў. “Знікненне іх культуры і ладу жыцця можа быць такім цяжкім, ці нават яшчэ больш цяжкім, чым знікненне біяразнастайнасці ці шкода, нанесеная нашаму супольнаму дому і экалагічнаму запасу”, - падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 кастрычніка 2018, 11:33