Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад і Сан-Марына ратыфікавалі дамову ў сферы адукацыі

1 кастрычніка 2018 г. адбыўся абмен афіцыйнымі граматамі паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Сан-Марына аб ратыфікацыі Пагаднення па выкладанні асноў каталіцкай веры ў навучальных установах паўднёваеўрапейскай краіны.

З боку Апостальскай Сталіцы ў цырымоніі прыняў удзел арцыбіскуп Эміль-Поль Шэрыг, Апостальскі нунцый у Італіі і Сан-Марына, Сан-Марына прадстаўляў Міністр замежных спраў Нікола Рэнцы. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі прайшоў у сядзібе санмарынскага знешнепалітычнага ведамства.

Пагадненне было падпісана 26 чэрвеня 2018 г. Яно складаецца з прэамбулы і чатырох артыкулаў, пераглядае статут аб Выкладанні каталіцкай рэлігіі ў публічнай адукацыйнай сістэме і гарантуе навучэнцам дзяржаўных адукацыйных устаноў магчымасць атрымання ведаў, неабходных для знаёмства з верай, асабістага развіцця, разумення рэчаіснасці, гісторыі краіны і еўрапейскай культуры.

Дакумент прадугледжвае, што вучэбныя праграмы і формы навучання, крытэрыі падбору выкладчыкаў і падручнікі для арганізацыі выкладання асноў каталіцкай веры ў школах Сан-Марына будуць сумесна распрацоўвацца кіраўніцтвам адукацыйнай сферы краіны і мясцовымі касцёльнымі ўладамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2018, 12:55