Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад заклікае свет да салідарнай міграцыйнай палітыкі

Святы Пасад заклікае міжнародную супольнасць памятаць, што за ашаламляльнымі лічбамі статыстыкі па міграцыі стаяць канкрэтныя людзі, з годнасцю і правам на бяспечныя і спрыяльныя ўмовы жыцця.

На чарговым пасяджэнні 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысвечаным аналізу міграцыйнага крызісу ва ўмовах глабалізацыі, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса агучыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы, якая выступае за ўзмацненне міжнароднай салідарнасці ў пытаннях бежанцаў і мігрантаў.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у чарговы раз спыніўся на шматстайнасці фактараў, якія становяцца рухаючай сілай міграцыі, – тых, што прымушаюць пакідаць родную краіну (насілле, небяспека, парушэнне чалавечых правоў, кліматычныя змены), і тых, што прывабліваюць надзеяй на лепшае жыццё (большыя магчымасці, змены ў структуры працоўнага рынку). Іерарх адзначыў, што любое паспяховае намаганне ў вырашэнні міграцыйнага крызісу павінна пачынацца з ліквідацыі фактараў, якія падштурхоўваюць людзей да ўцёкаў з радзімы, бо яны – нібы агонь: “калі мы пагасім агонь, нам не трэба будзе ўзводзіць новыя дамы”.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што для прымаючых краін міграцыя – гэта не толькі дадатковыя выдаткі, але і крыніца карысных для дэмаграфіі і эканомікі рэсурсаў. Арцыбіскуп Ауса прывёў словы папы Францішка, які, у сваю чаргу, падкрэслівае, што бежанцы і мігранты “прыбываюць не з пустымі рукамі. Яны нясуць з сабой мужнасць, здольнасці, энергію і спадзяванні, а таксама скарбы ўласных культур”.

Глабальнае пагадненне ААН па бяспечнай, рэгулярнай і ўпарадкаванай міграцыі і Глабальнае пагадненне ААН па бежанцах “сцвярджаюць нашу агульную адказнасць у імкненні да ўсеагульнага дабра і клопаце пра найбольш патрабуючых салідарнасці”, працягнуў арцыбіскуп Ауса. Узмацненне міжнароднай салідарнасці перад абліччам міграцыйнага крызісу павінна выяўляцца, у першую чаргу, у павелічэнні аб’ёмаў інвестыцый у сферы адукацыі, аховы здароўя і прафесійнай падрыхтоўкі маладых людзей.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН выказаў спадзяванне, што намаганне, прыкладзенае на распрацоўку Глабальных пагадненняў, атрымае працяг у забеспячэнні павагі правоў і годнасці мігрантаў і бежанцаў і адначасова ў прызнанні суверэннага права краін распрацоўваць уласную нацыянальную міграцыйную палітыку ў святле сваіх абавязацельстваў у рамках міжнароднага права.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 кастрычніка 2018, 12:01