Cerca

Vatican News
Лагатып ААН Лагатып ААН 

Святы Пасад на Генасамблеі ААН пра міграцыю і абарону хрысціян

“Дарога ў Маракеш” – гэта агульны шлях салідарнасці, міласэрнасці, разважлівасці, адказнасці і павагі. Ён служыць людзям, якія знаходзяцца на шляху.

Гэта адзначыў старшыня дэлегацыі Святога Пасаду на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, гаворачы пра бягучы міграцыйны крызіс.

Назва “Дарога ў Маракеш” паўстала пасля рашэння, што ў гэтым мараканскім горадзе ў снежні будзе падпісана Глабальнае пагадненне па міграцыі (Global Compact).

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер адзначыў, што Святы Пасад глыбока перакананы ў неабходнасці трывалай асновы для адпаведнага міжнароднага рэагавання на бягучую праблему. Меры павінны ахопліваць працу па кіраванні міграцыяй у каротка-, сярэдне-і доўгатэрміновай перспектыве. Трэба спалучыць з аднаго боку, прызнанне права на міграцыю, а з другога, права суверэнных дзяржаў абараняць свае межы, мець уласную палітыку ў галіне міграцыі, заўсёды пры поўнай павазе да правоў мігрантаў, незалежна ад іх статусу.

У іншым сваім выступленні на Генасамблеі ААН, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі нагадаў пра правы рэлігійных меншасцей у кантэксце сучасных феноменаў: генацыду, ваенных злачынстваў, этнічных чыстак і іншых злачынстваў супраць чалавечнасці. Ён падкрэсліў, што для пераадолення пераследу на рэлігійнай глебе трэба прытрымлівацца роўнасці грамадзян перад законам.

Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што асабліва сур’ёзная адказнасць за рэлігійныя перакананні і пачуцці ляжыць на рэлігійных лідарах. Не можна спасылацца на Бога, каб апраўдаць насілле і тэрарызм супраць паслядоўнікаў іншых рэлігій.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра пераслед хрысціян, якія заўсёды прысутнічалі на Блізкім Усходзе і актыўна супрацоўнічаюць у развіцці мясцовага грамадства.

Абарона з’яўляецца найбольш важным абавязкам дзяржавы ў адносінах да кожнага грамадзяніна, незалежна ад расы, рэлігіі і паходжання, нагадаў кіраўнік дэлегацыі Святога Пасаду на Генеральнай асамблеі ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 кастрычніка 2018, 14:26