Пошук

Ватыканскі сцяг Ватыканскі сцяг 

Святы Пасад за субсідыярнасць ва ўніверсальнай юрысдыкцыі

Святы Пасад падтрымлівае канцэпцыю ўніверсальнай юрысдыкцыі, але з умовай, што яна павінна грунтавацца на прынцыпе субсідыярнасці, без беспадстаўнага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краін.

Пра гэта казаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса ў ходзе 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая трывае ў гэтыя дні ў Нью-Ёрку. Чарговыя пасяджэнні датычылі рэалізацыі прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў сістэме міжнароднага судаводства, а таксама праблем макраэканамічнага развіцця.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН назваў “пахвальнай мэтай” распрацоўку канцэпцыі ўніверсальнай юрысдыкцыі, якая б гарантавала раскрыццё найбольш грубых парушэнняў чалавечых правоў у міжнародным маштабе. Тым не менш, іерарх папярэдзіў, што прынцып універсальнай юрысдыкцыі павінен не толькі суадносіцца з нормамі крымінальнага правасуддзя, але і грунтавацца на прынцыпе субсідыярнасці. Іншымі словамі, універсальная юрысдыкцыя павінна заставацца другараднай адносна юрысдыкцыі краіны, у якой было здзейснена злачынства, і краіны, грамадзянінам якой з’яўляецца меркаваны злачынец.

Акрамя таго, прынцып універсальнай юрысдыкцыі не можа апраўдваць завочнае судовае разбіральніцтва (у адсутнасці падсуднага), выбар з ліку некалькіх кампетэнтных судоў для вядзення справы або беспадстаўнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краін. Перш чым укараняць гэты прынцып у сістэму міжнароднага судаводства, неабходна распрацаваць механізмы, якія б прадухілялі магчымыя міжнародныя канфлікты, выкліканыя парушэннем прынцыпу суверэннай роўнасці паміж дзяржавамі, адзначыў арцыбіскуп Ауса.

Кажучы пра асноўныя праблемы макраэканамічнай палітыкі і фінансавання працэсаў развіцця краін, прадстаўнік Святога Пасаду прызнаў, што ўзмацненне міжнароднага супрацоўніцтва як адна з мэтаў устойлівага развіцця знаходзіцца пад пагрозай, бо да сённяшняга дня слабаразвітыя краіны сутыкаюцца з перашкодамі ў арганізацыі экспарту тавараў і паслуг на міжнародны рынак, а мультытрэйдынгавая сістэма застаецца пад моцным пратэкцыянісцкім ціскам.

Пераадоленне гэтых праблем, на думку Святога Пасаду, патрабуе, між іншым, забеспячэння бяспошліннага і бясквотнага доступу да міжнароднага рынку для слабаразвітых краін і падтрымкі нацыянальнай палітыкі гэтых дзяржаў у выглядзе спрыяльнага міжнароднага клімату.

Фінансавы свет павінен вучыцца на ўроках эканамічных крызісаў і нарэшце прызнаць, што рынкі не могуць гарантаваць сапраўднага прагрэсу без уліку тых каштоўнасцей, якія спрыяюць інтэгральнаму развіццю чалавека, сацыяльнай згуртаванасці і справядлівасці, заключыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 кастрычніка 2018, 12:57