“Стол салідарнасці” з мігрантамі ля Ватыкану “Стол салідарнасці” з мігрантамі ля Ватыкану 

“Стол салідарнасці” з мігрантамі ля Ватыкану

У знак салідарнасці з мігрантамі і бежанцамі, на Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ, ля Ватыкану, быў усталяваны 270-метровы “стол салідарнасці”. За ім ежу бясплатна атрымалі 650 бедных.

У кантэксце эпахальнай міграцыйнай драмы ініцыятыва “Tavolata romana senza muri” (Рымскі стол без бар’ераў) прадэманстравала, што італьянская сталіца не баіцца рэлігійных і культурных адрозненняў, але прымае іх у якасці рэсурсу, сказала Vatican News кіраўнік Першага рымскага раёну Сабрына Альфонсі.

Дабрачынную акцыю падрыхтаваў італьянскі філіял міжнароднай асацыяцыі хрысціянскіх валанцёраў “Focsiv”. “Мы арганізавалі “стол салідарнасці”, каб паказаць, што Рым можа прымаць і інтэграваць, што суіснаванне магчыма, што можна знайсці агульную мову, абменьвацца вопытам і традыцыямі, не выключаючы нікога”, - сказала прэс-сакратар аб’яднання Джулія Піліучы.

У дадатак да бясплатнай ежы, ля Ватыкану было прадстаўлена вулічнае мастацтва і музыкі. Арганізацыяй займаліся 200 валанцёраў. У акцыі прынялі ўдзел больш за 70 розных арганізацый, у тым ліку пратэстанты і мусульмане.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 кастрычніка 2018, 12:54