Бэта версія

Cerca

Vatican News
Вывяржэнне вулкана на востраве Сапутан у Інданэзіі Вывяржэнне вулкана на востраве Сапутан у Інданэзіі  (ANSA)

Пантыфік аказаў дапамогу ахвярам стыхіі ў Інданэзіі

Францішак перадаў 100 тыс. долараў на дапамогу насельніцтву Інданэзіі, якое пацярпела ад жудасных прыродных катаклізмаў.

“На мінулым тыдні разбуральныя землятрус і цунамі спустошылі некалькі рэгіёнаў Інданэзіі, асабліва востраў Сулавесі, у выніку чаго загінулі па меншай меры каля 1400 чалавек і тысячы атрымалі раненні. Акрамя таго, у гэты час тут пачалося вывяржэнне вулкана Сапутан, што пагражае насельніцтву, ужо спакутаванаму ад землятрусу і анамальнага цунамі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Адзначаецца, што сродкі, якія былі перададзены Пантыфікам, з’яўляюцца непасрэдным выразам яго “пачуцця духоўнай блізкасці і бацькоўскай падтрымкі” ў адносінах да пацярпелых. Яны будуць падзелены паміж рэгіёнамі, якія найбольш закранула стыхія, і стануць часткай дапамогі, што Каталіцкі Касцёл аказвае насельніцтву Інданэзіі праз епіскапаты і шматлікія дабрачынныя арганізацыі.

30 верасня 2018 г., падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”, Францішак выказаў блізкасць да жыхароў вострава Сулавесі. “Я малюся за памерлых – на жаль, шматлікіх – за параненых і тых, хто страціў свае дамы і працоўныя месцы. Няхай Пан суцешыць іх і падтрымае намаганні тых, хто працуе, каб прынесці падтрымку”, - казаў ён.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 кастрычніка 2018, 11:33