Cerca

Vatican News
Лагатып ААН Лагатып ААН  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: свет павінен быць удзячны жанчынам

Святы Пасад лічыць, што якасць цывілізацыі залежыць ад адносін да найбольш уразлівых: бедных, пажылых, няпоўнаспраўных, і іх месца ў грамадстве. Гэта крытэрый рэальных правоў чалавека.

Так можна падвесці вынік прамовы арцыбіскупа Рычарда Пола Галахера падчас 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі казаў пра важнасць ААН для ўсяго свету. На гэтай установе ляжыць задача глабальнага лідарства і адказнасці за стварэнне мірнага, справядлівага і трывалага грамадства ў краінах.

Іерарх адзначыў, што развіццё разумення правоў чалавека ідзе насуперак з культурай і традыцыямі многіх краін. Пад сцягам правоў чалавека распаўсюджваюцца новыя формы ідэалагічнай каланізацыі. Моцны і багаты сілай навязвае лад жыцця грамадству краін больш бедных і менш развітых у эканамічным плане.

Арцыбіскуп Галахер таксама выказаў занепакоенасць вузкім тлумачэннем права на жыццё. Сёння адмаўляюцца прызнаваць самакаштоўнасць і годнасць жыцця на этапе яго станаўлення, развіцця, і завяршэння. Большую годнасць прызнаюць за моцнымі і здаровымі і меншую, за слабымі і хворымі. Гэта ідэалогія прысутнічае ў розных частках сістэмы ААН.

Кіраўнік дэлегацыі Святога Пасаду заклікаў спыніць насілле і ліквідаваць прычыны канфліктаў і войнаў. Да гэтага можна прыйсці, між іншым, праз раззбраенне.

Дыпламат таксама падкрэсліў роўныя правы мужчын і жанчын. Сёння часта жанчыны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на працоўных месцах, вымушаны выбіраць паміж працай і сям’ёй, пакутуюць у канфліктных сітуацыях. У бедных краінах жанчыны падвяргаюцца самым цяжкім нагрузкам, не маюць доступу да асноўнай медыка-санітарнай дапамогі, іх выкрадаюць і выкарыстоўваюць для прастытуцыі або прымушаюць да шлюбу супраць іх волі. Часам ім адмаўляюць нават у праве на жыццё, проста таму, што яны – жанчыны. Свет павінен быць удзячны жанчынам. Інтэгральнае развіццё чалавека і роўныя магчымасці для ўсіх – гэта сутнасць рэальнай павагі да правоў чалавека, агучыў пазіцыю Святога Пасаду арцыбіскуп Галахер.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2018, 14:37