Бэта версія

Cerca

Vatican News
Кардынал Паралін і Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Джэін Кардынал Паралін і Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Джэін  (ANSA)

Дзяржсакратар узначаліў Імшу за мір на Карэйскім паўвостраве

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал Пьетра Паралін узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру на Карэйскім паўвостраве. У ёй прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Джэін.

Літургія адбылася вечарам 17 кастрычніка 2018 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. “На Карэйскім паўвостраве, пасля доўгіх гадоў напружанасці і падзелу, нарэшце можа ў поўнай меры загучаць слова “мір”, - падкрэсліў у гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі зазначыў, што па-сапраўднаму гэта слова можа зразумець толькі той, хто ў атмасферы пакут, насілля і нянавісці змагаўся з пачуццём меркаванай адсутнасці Бога.

“Як людзі добрай волі, мы ўсе ведаем, што мір будуецца штодзённымі рашэннямі, сур’ёзнымі намаганнямі на карысць служэння справядлівасці і салідарнасці, спрыяннем правам і годнасці чалавека, асабліва праз клопат пра самых бедных”

- нагадаў іерарх.

Для верніка мір – гэта, у першую чаргу, дар Бога і праява Яго прысутнасці. Такі мір з’яўляецца не абстрактнай і далёкай ідэяй, але канкрэтным досвед, якім жывеш у штодзённасці, нават калі вакол пануе неспакой. У той жа час, хрысціянская вера вучыць, што “мір без крыжа не з’яўляецца мірам Езуса”, нагадаў кардынал.

Дзяржсакратар Яго Святасці ўзгадаў словы Паўла VI, кананізаванага ў мінулую нядзелю, які заклікаў “вучыць свет любіць мір, будаваць яго, бараніць яго” і “абуджаць у людзях нашага часу і будучых пакаленнях пачуццё любові да міру, заснаванага на праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любові”.

Кардынал Паралін нагадаў, што з Божай ласкай шлях прабачэння з’яўляецца магчымым, выбар на карысць братэрства паміж народамі з’яўляецца канкрэтным фактам, а мір – супольным гарызонтам для разнастайных суб’ектаў, якія складаюць міжнародную супольнасць.

Пасля св. Імшы Прэзідэнт Мун асабіста выказаў глыбокую падзяку ў адрас папы Францішка, які падтрымаў мірныя працэсы на Карэйскім паўвостраве, напоўніў адвагай і надзеяй карэйцаў, што прагнуць міру і нанова адкрываюць сэнс братэрства.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2018, 11:32