Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з членамі Італьянскай бацькоўскай асацыяцыі Папа падчас сустрэчы з членамі Італьянскай бацькоўскай асацыяцыі  (Vatican Media )

Пантыфік: неабходны выхаваўчы саюз паміж бацькамі і школай

Да супрацоўніцтва паміж бацькамі і школай заклікаў Папа членаў Італьянскай бацькоўскай асацыяцыі (Associazione Italiana Genitori), якіх прыняў 7 верасня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

У прамове Францішак заўважыў, што калі гаворка вядзецца пра выхаваўчы саюз паміж школай і сям’ёй, у першую чаргу падкрэсліваецца яго адсутнасць: “сям’я больш не цэніць працу настаўнікаў – якая часта кепска аплачваецца, – а яны адчуваюць раздражненне прысутнасцю бацькоў у школах, даходзячы да таго, што трымаюць іх на парозе ці разглядаюць як праціўнікаў”.

“Каб змяніць гэтую сітуацыю нехта павінен зрабіць першы крок наперад, перагамаючы страх перад іншым і з шчырасцю працягваючы руку. Па гэтай прычыне я заклікаю вас пастаянна развіваць і культываваць давер да школы і настаўнікаў: без іх вы рызыкуеце застацца ў самотнасці ў вашай выхаваўчай дзейнасці і быць меньш здольнымі адказваць на новыя выхаваўчыя выклікі, якія ставіць сучасная культура, грамадства, СМІ, новыя тэхналогіі. Настаўнікі, як і вы, штодзённа заняты ў выхаваўчым служэнні на карысць вашых дзяцей”, - сказаў Папа.

“Калі мы маем права наракаць на магчымыя недахопы ў працы настаўнікаў, мы абавязаны таксама паважаць іх, як самых каштоўных саюзнікаў у справе выхавання, якую выконваем разам”

- дадаў ён.

Адначасова Святы Айцец падкрэсліў, што за сем’ямі павінна прызнавацца першасная роля ў выхаванні і адукацыі дзяцей і моладзі.

“Калі вы, бацькі, маеце патрэбу ў настаўніках, таксама і школа мае патрэбу ў вас, і не можа дасягнуць сваіх мэтаў без канструктыўнага дыялогу з тымі, хто мае першую адказнасць за развіццё іх вучняў. Як нагадвае адгартацыя “Amoris laetitia”, “школа не замяняе бацькоў, а дапаўняе іх. Гэта асноўны прынцып: Усе іншыя ўдзельнікі выхаваўчага працэсу дзейнічаюць як бы ад імя бацькоў, абапіраючыся на іх згоду, а ў пэўнай ступені нават на іх замову”, - сказаў Пантыфік.

Цытуючы афрыканскую прымаўку – “Каб выхаваць дзіця патрэбна цэлая вёска”, – Папа зазначыў, што выхаванне патрабуе супрацоўніцтва паміж рознымі кампанентамі выхаваўчай супольнасці. У сваю чаргу ён запэўніў бацькоў у падтрымцы з боку Каталіцкага Касцёла.

“Дарагія бацькі, дзеці – гэта самы каштоўны дар, які вы атрымалі. Умейце ахоўваць яго з адказнасцю і шчодрасцю, даючы ім неабходную свабоду, каб раслі і сталелі як асобы, здольныя, у сваю чаргу, аднойчы таксама адкрыцца на дар жыцця”

- сказаў Святы Айцец.

“Увага, з якой вы, як асацыяцыя, чуваеце над небяспекамі, што пагражаюць жыццю самых малых, няхай не перашкаджае вам глядзець з даверам на свет, умець выбіраць і ўказваць вашым дзецям лепшыя магчымасці для чалавечага, грамадзянскага і хрысціянскага росту”, - дадаў Пантыфік.

Італьянская бацькоўская асацыяцыя была заснавана ў 1968 г. на прынцыпах Канстытуцыі Італіі, Міжнароднай дэкларацыі правоў чалавека і хрысціянскай этыкі. На сённяшні дзень аб’яднанне налічвае больш за 200 аддзяленняў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2018, 12:44