Бэта версія

Cerca

Vatican News
Выступленне Арэты Франклін у Філадэльфіі падчас Сусветнай сустрэчы сем’яў Выступленне Арэты Франклін у Філадэльфіі падчас Сусветнай сустрэчы сем’яў 

Ватыканская газета ўзгадвае Арэту Франклін

Шырокі артыкул прысвяціла “L’Osservatore Romano” знакамітай амерыканскай спявачцы Арэце Франклін, якая памерла 16 жніўня 2018 г. ва ўзросце 76 гадоў. Тры гады таму яна спявала ў прысутнасці Францішка.

У артыкуле “Паміж смуткам і надзеяй” гаворыцца пра тое, што даніну непераўзыдзенай спявачцы музыкі соул аддалі Прэзідэнты ЗША, Дональд Трамп і яго папярэднік, Барак Абама. Цяперашні гаспадар Белага дома напісаў у сваім “Twitter”, што “памерлая каралева соул была вялікай жанчынай з неверагодным Божым дарам – сваім голасам”. Ён дадаў: “Мы будзем сумаваць па ёй”.

На думку рэдакцыі, больш сардэчным быў допіс Абамы. “У яе голасе мы маглі пачуць нашу гісторыю ва ўсіх яе адценнях, нашу сілу і наш боль, нашу цемру і наша святло, нашы пошукі адкуплення і нашу з цяжкасцю атрыманую павагу”, - цытуе “L'Osservatore Romano” словы экс-прэзідэнта. Адзначаецца, што спасылка на павагу не выпадковая, таму што менавіта “Respect” – назва аднаго з самых вялікіх хітоў Арэты. Гэта гімн-заклік да свядомасці чорных жанчын у цяжкія шасцідзесятыя, якія адзначаліся глыбокай расісцкай напружанасцю.

Песня "Respect" з фільму "Blues Brothers" у выкананні Арэты Франклін

Але тыя ж самыя гады, багатыя таксама і вялікімі магчымасцямі для тых, хто меў намер з’явіцца на сцэне, сталі для спявачкі рэальным паваротным пунктам. Маладая вакалістка, дачка баптысцкага прапаведніка, пакінутая ва ўзросце шасці гадоў маці, маючы толькі 14 гадоў, апынулася ў студыі “Atlantic Records”, заснаванай Ахметам Эртегюнам – сынам турэцкага пасла ў Вашынгтоне: такія рэчы маглі адбыцца толькі ў тыя гады, падкрэсліла ватыканская газета.

Сам Эртегюн сёння мала вядома, але ў яго было бліскучае пачуццё, ён выявіў найвялікшыя таленты джаза, соула і рок-музыкі ў шасцідзесятых і сямідзесятых гадах. Сярод іх была Арэта Франклін, надзеленая незвычайным дыяпазонам голасу, які не трэба было прыстасоўваць да камерцыйных патрабаванняў. Гэта дазволіла ёй выконваць музыку, якую яна спявала з дзяцінства, калі яе бацька вёў набажэнствы. Гэта была музыка душы, якая “гэтак жа, як і ў працэсе ачышчэння, вядзе спевака і слухача ад бунту і пачуццёвасці да захаплення і той формы адкуплення, на якую ў сваім тэксце спасылаўся Абама”, - напісала ватыканская газета. “Ніводзін інструмент не зможа лепш за Франклін выказаць шляху поўнага пакут, але раз’ясненага надзеяй”.

Пачынаючы з шасцідзесятых гадоў, кар’ера спявачкі была адзначана шматлікімі поспехамі.Яна шматразова атрымлівала “Grammy”, а ў 1980 г. сыграла галоўную ролю ў фільме “Браты Блюз” (The Blues Brothers), у якім выканала памятную версію песні “Think”, што стала ў шэрагу яе самых вядомых хітоў.

Адным з яе апошніх выступленняў было з’яўленне перад папам Францішкам, падчас яго знаходжання ў Злучаных Штатах, на Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі. 26 верасня 2015 г. яна праспявала вядомую госпел-песню “Amazing Grace”, “якая зараз здаецца яснай кропкай адліку да гэтай нечаканай ласкі, якой яе голас быў сапраўды адораны”, - гаворыцца ў завяршэнні артыкула ў ватыканскай газеце.

Арэта Франклін "Amazing Grace" падчас Сустрэчы сем'яў у Філадэльфіі
Навіна ў фармаце аўдыё
18 жніўня 2018, 12:21