Cerca

Vatican News

“Дзесяць дзён у абарону міру” ў памяць пра Хірасіму і Нагасакі

“Дзесяць дзён у абарону міру” – так называецца штогадовае мерапрыемства, якое праходзіць з 6 па 15 жніўня пад эгідай японскага епіскапату – у памяць пра ахвяр атамных бамбардаванняў Хірасімы і Нагасакі. Каталіцкія біскупы Японіі выступілі з адмысловай заявай з гэтай нагоды.

У ёй адзначаецца, што сур’ёзныя рэгіянальныя канфлікты, тэрарызм, пагроза ядзернай зброі, праблемы бежанцаў, розныя формы дыскрымінацыі, эканамічныя дыспрапорцыі працягваюць пагражаць міру людзей ва ўсім свеце. У ліпені мінулага года Генеральная асамблея ААН прыняла Дамову аб забароне ядзернай зброі, аднак да гэтага часу яе ратыфікавалі толькі некалькі краін. Прынцып стрымлівання – гэта спроба захаваць мір з дапамогай зброі, але далейшы рост такіх фактараў канфлікту, як варожасць, узаемны недавер і супрацьстаянне інтарэсаў, паступова руйнуюць асновы яднання, міру і ўзаемаразумення, падкрэсліваецца ў пасланні.

Папа Францішак заяўляў аб пагрозе ядзернай вайны, узгадваючы менавіта трагедыю Хірасімы і Нагасакі. 15 студзеня 2018 г., пачынаючы сваё “падарожжа міру” ў Чылі і Перу, падчас кароткай сустрэчы з супрацоўнікамі СМІ на борце самалёта, свой заклік да прадухілення ядзернай вайны ён увасобіў у паштоўцы з рэпрадукцыяй фатаграфіі з трагічным сюжэтам наступстваў бамбардзіроўкі японскага Нагасакі.

На чорна-белай фотакартцы 1945 г. амерыканскі фатограф адлюстраваў маленькага хлопчыка з Нагасакі, які трымае на сваіх плячах цела памерлага падчас ядзернага ўдару малодшага браціка ў чаканні яго крэмацыі. Выкананую на аснове гэтай рэпрадукцыі паштоўку Пантыфік суправадзіў надпісам “Плён вайны”.

На пытанне журналістаў, ці баіцца ён ядзернай вайны, Францішак прызнаўся: “Так, вельмі баюся. Мы знаходзімся на мяжы, дастаткова нейкага выпадку. Мы не можам цярпець такой сітуацыі. Нам неабходна ліквідаваць ядзерную зброю”.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 жніўня 2018, 12:55