Бэта версія

Cerca

Vatican News
Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі 

Архіепіскап Кентэрберыйскі ў ААН падтрымае традыцыю Пантыфікаў

Кіраўнік Англіканскай Царквы ўпершыню ў гісторыі выступіць у Савеце Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Такім чынам Архіепіскап Кентэрберыйскі падтрымае традыцыю, закладзеную Пантыфікамі.

Папы некалькі разоў у гісторыі наведвалі штаб-кватэру ААН: Павел VI – у 1965 г., Ян Павел ІІ – у 1979 г. і 1995 г., і Бэнэдыкт XVI – у 2008 г., Францішак – у 2015 г.

Архіепіскап Джасцін Уэлбі возьме ўдзел у адкрытай дыскусіі па медыяцыі і яе ролі ў прадухіленні канфліктаў, якая пройдзе 29 жніўня 2018 г. у Нью-Ёрку.

Англіканскага іерарха запрасіла Пастаянны прадстаўнік Злучанага Каралеўства ў ААН Карэн Пірс. Дэбаты з’яўляюцца адной з двух галоўных падзей, арганізаваных падчас брытанскага старшынства ў Савеце Бяспекі ў жніўні.

Пірс падкрэсліла, што архіепіскап Уэлбі мае шырокі вопыт пасрэдніцтва. Ён таксама ўваходзіць у склад заснаванай Генеральным сакратаром ААН Кансультатыўнай рады высокага ўзроўню па пытанні медыяцыі.

Англіканская Царква мае статус назіральніка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Папа Францішак наведаў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку з нагоды 70-годдзя заснавання гэтай арганізацыі і пачатку Генеральнай Асамблеі 25 верасня 2015 г. Ён звярнуў увагу на патрэбу рэфармавання структур Арганізацыі, у прыватнасці фінансавых, паколькі яны павінны клапаціцца аб устойлівым развіцці краін і не дапускаць іх падпарадкавання крэдытным сістэмам, якія правакуюць большую беднасць, маргіналізацыю і залежнасць.

Таксама Пантыфік звярнуў увагу на з’яву кепскага выкарыстання ўлады. Ён заўважыў, што неабходна не толькі ўрачыстае прыняцце рашэнняў, але воля і канкрэтныя дзеянні, каб перамагчы феномен сацыяльнай і эканамічнай маргіналізацыі.

Папа адзначыў, што вайна – гэта адмаўленне ўсіх правоў чалавека і драматычная агрэсія супраць навакольнага асяроддзя. Таму, для сапраўднага развіцця, неабходна не дапускаць войнаў паміж народамі і прыкладаць усе намаганні для гэтага.

Распаўсюджванне зброі, асаблівага масавага знішчэння, супярэчыць фундаментальным прынцыпам ААН. “Этыка і права, заснаваныя на пагрозе ўзаемнага знішчэння – і патэнцыйна ўсяго чалавецтва – з’яўляюцца супярэчнасцю і падманам ва ўсёй канструкцыі Аб’яднаных Нацый, якія сталі б у такім выпадку “нацыямі, аб’яднанымі страхам і недаверам”, - сказаў Папа.

Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні ў ААН у 2015 г. Францішак звярнуў на іншы від сапраўднай вайны – гандаль наркотыкамі, ад чаго паміраюць мільёны людзей; ён заклікаў краіны да барацьбы супраць гэтага.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 жніўня 2018, 15:12