Бэта версія

Cerca

Vatican News
Майк Пэнс на міжнародным саміце па рэлігійнай свабодзе Майк Пэнс на міжнародным саміце па рэлігійнай свабодзе  (2018 Getty Images)

ЗША фінансуе дзве глабальныя праграмы па абароне свабоды рэлігіі

Дзве праграмы па абароне рэлігійнай свабоды ў свеце былі абвешчаны 26 ліпеня 2018 г. у Вашынгтоне віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пэнсам.

У сталіцы Злучаных Штатаў праходзіла пасяджэнне міністраў замежных спраў многіх краін, прысвечанае пашырэнню свабоды рэлігіі.

Гэта быў першы такога роду саміт, арганізаваны Дзяржаўным дэпартаментам ЗША ў мэтах пошуку метадаў абароны свабоды рэлігіі. У ім узялі ўдзел больш за дзве сотні прадстаўнікоў урадаў, рэлігій, арганізацый, якія ўдзельнічаюць у абароне свабоды веравызнання, прадстаўнікі рэлігійных меншасцей, якія падвяргаюцца пераследу.

Майк Пэнс заявіў, што яго ўрад выдаткуе 110 мільёнаў долараў на фінансаванне праграмы “Генацыд і адказ”, накіраванай на дапамогу ахвярам рэлігійнага пераследу, у прыватнасці, на Блізкім Усходзе, дзе “людзі праз гэтую дапамогу атрымаюць магчымасць вярнуцца да сваіх каранёў і дапамагчы адраджэнню сваіх зямель”. Паводле амерыканскага палітыка, 17 мільёнаў долараў з гэтага фонду атрымае Ірак, які быў галоўная тэмай цяперашняй сесіі. Таксама ўдзельнікі выслухалі сведчанні прадстаўнікоў езідаў.

У сваю чаргу, “Новы фонд міжнароднай свабоды” будзе спрыяць рэалізацыі мерапрыемстваў і ініцыятыў, накіраваных на садзейнічанне развіццю рэлігійнай свабоды. Пэнс заклікаў прадстаўнікоў урадаў далучыцца да фінансавання гэтай праграмы, каб яна атрымала больш шырокі ахоп і ўключыла як мага большую колькасць краін.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа сказаў, што, улічваючы поспех сёлетняга форуму, падобная сустрэча адбудзецца і ў наступным годзе.

З 24 ліпеня 2018 г. у сталіцы Злучаных Штатаў з ініцыятывы гэтай краіны праходзіла міжнародная сустрэча па пытаннях свабоды веравызнання. У ёй узялі ўдзел дэлегацыі з 80 краін свету, у тым ліку 40 міністраў замежных спраў.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 ліпеня 2018, 16:32