Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пласіда Дамінга моліцца перад кожным выступленнем

Сусветна вядомы оперны спявак і дырыжор Пласіда Дамінга прызнаўся, што моліцца перад кожным выступленнем. Ён таксама марыць пра пілігрымку ў Сант’яга-дэ-Кампастэла

У інтэрв’ю нямецкай газеце “Frankfurter Rundschau” 77-гадовы іспанскі творца сказаў, што сёння бачыць, наколькі плённымі былі яго малітвы і як сцерагуць яго св. Цэцылія, апякунка музыкі, і св. Блажэй, абаронца ад хвароб горла.

На працягу многіх гадоў Дамінга таксама марыць пра пілігрымку ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, але ў рэалізацыі плана да гэтага часу перашкаджаў насычаны графік выступленняў.

У сакавіку 2016 г. Пласіда Дамінга спецыяльна прыехаў у Рым, каб разам з усёй сваёй сям’ёй, з жонкай, з якой яны пажаніліся пяцьдзесят гадоў таму, а таксама са сваімі дзецьмі і ўнукамі, каб прыняць удзел у агульнай аўдыенцыі з Папам. “Мы проста даўно ўжо хацелі ўсёй нашай сям’ёй сабрацца разам і пабываць на такой аўдыенцыі, адчуць досвед прысутнасці і ўдзелу, паразмаўляць з Папам”, - сказаў тады оперны спявак.

У 2008 г. знакаміты іспанскі тэнар паклаў на музыку вершы Яна Паўла ІІ. У альбом “Бясконцая любоў” (Amore Infinito) увайшлі 12 кампазіцый на англійскай, італьянскай і іспанскай мовах. Гаворачы пра гісторыю стварэння дыска, спявак узгадаў, што яшчэ ў 2003 г., калі ён выканаў “Песню міра” на словы Яна Паўла II, то падумаў аб стварэнні цэлага альбома. “Я спытаў дазволу ў Папы, і ён мяне благаславіў”, - сказаў Пласіда Дамінга.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 ліпеня 2018, 15:16