Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Дзяржсакратар: Святы Пасад падтрымлівае цэласнасць Сербіі

Выпрацаваць кампраміснае рашэнне адносна міжнародна-прававога статусу Косава праз дыялог з Прышцінай пажадаў уладам Сербіі кардынал Пьетра Паралін.

Падчас візіту ў балканскую краіну, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы сустрэўся з палітычнымі ўладамі Сербіі на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Вучычам і правёў перамовы з Міністрам замежных спраў Івіцам Дачычам.

Кардынал Паралін пацвердзіў цвёрдую пазіцыю Святога Пасаду адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі і заклікаў да дыялогу і захавання міру і стабільнасці ў рэгіёне. Акрамя таго, пурпурат падзякаваў палітычным лідарам Сербіі за падтрымку, якую мясцовыя дзяржаўныя органы і інстытуты аказваюць каталіцкай супольнасці гэтай пераважна праваслаўнай краіны.

Прэзідэнт Сербіі падкрэсліў добры стан двухбаковых адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Сербіяй з надзеяй на іх далейшае развіццё і ўмацаванне.

Міністр замежных спраў Сербіі адзначыў, што паміж бакамі назіраецца ўзгодненасць пазіцый па шэрагу пытанняў міжнароднага характару. Сярод іх – дапамога бежанцам і мігрантам, барацьба з беднасцю, абарона сямейных каштоўнасцей, ахова навакольнага асяроддзя, абарона хрысціян і захаванне хрысціянскай спадчыны.

Важнасць забеспячэння свабоды веравызнання кардынал Паралін абмеркаваў таксама з прадстаяцелем Сербскай Праваслаўнай Царквы. Падчас сустрэчы з Патрыярхам Ірынэем ён падкрэсліў, што Святы Пасад застаецца для Сербіі “шчырым суразмоўцам на карысць міру і стабільнасці на Балканах, а таксама рэлігійнай свабоды”.

Афіцыйнае падарожжа кардынала Пьетра Параліна ў Чарнагорыю і Сербію – першы ў гісторыі візіт ватыканскага Дзяржсакратара ў краіны былой Югаславіі – праходзіў з 27 чэрвеня па 1 ліпеня 2018 г. У Сербіі іерарх знаходзіўся два дні.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2018, 12:42