Пошук

Відэаролік Святога Пасаду атрымаў міжнародную прэмію

Відэаролік аб мігрантах і бежанцах, створаны Святым Пасадам, атрымаў прэмію ў намінацыі “Лепшая сацыяльная стратэгія” на міжнародным фестывале сацыяльнай рэкламы “Publifestival” у Мадрыдзе.

Кароткі відэафільм, які даступны на трыццаці розных мовах, быў створаны Секцыяй па праблемах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў супрацоўніцтве з аргентынскім камунікацыйным агенцтвам “La Machi Comunicación para buenas causas”.

У ім апавядаецца пра феномен міграцыі і драму сотняў тысяч людзей, вымушаных уцякаць ад вайны, голаду, беднасці, пераследу, праблем навакольнага асяроддзя, выкліканых кліматычнымі зменамі.

У роліку гучаць словы Папы, які нагадвае, што міграцыя не з’яўляецца новым феноменам у гісторыі чалавецтва. “Ён глыбока пазначыў кожную эпоху, спрыяючы сустрэчы народаў і нараджэнню новых цывілізацый. На жаль, у большасці выпадкаў гаворка ідзе пра вымушаныя перамяшчэнні, выкліканыя канфліктамі, прыроднымі катаклізмамі, пераследам, кліматычнымі зменамі, насіллем, крайняй беднасцю і нечалавечымі ўмовамі жыцця”, - кажа Пантыфік.

Паводле слоў Святога Айца, супольным адказам на гэту з’яву павінна стаць прыняцце, абарона, падтрымка і інтэграцыя мігрантаў, аб чым ён таксама казаў ў сваім апошнім пасланні на Сусветны дзень мігранта і бежанца.

Падчас цырымоніі ўручэння прэміі, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, кс. Майкл Чэрны, заўважыў, што Папа прапануе хрысціянскі і па-сапраўднаму цывілізаваны адказ на неадкладныя падтрэбы неабароненых людзей, якія засталіся без даху над галавой. “Мы рады дапамагчы распаўсюдзіць пасланне, якое ўзрушвае і мабілізуе, дасягаючы мільёны людзей ва ўсім свеце”, - сказаў ён.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 чэрвеня 2018, 12:13