Cerca

Vatican News
Сустрэча Дональда Трапма з Кім Чэн Ынам Сустрэча Дональда Трапма з Кім Чэн Ынам  (AFP or licensors)

Святы Пасад вітае мірны працэс на Карэйскім паўвостраве

Святы Пасад мае надзею, што мірны працэс на Карэйскім паўвостраве дазволіць жыхарам яго паўночнай часткі не толькі карыстацца матэрыяльным дабрабытам, але і паспрыяе іх духоўнаму жыццю.

Гістарычная сустрэча паміж Дональдам Трампам і Кім Чэн Ынам, якая адбылася 12 чэрвеня 2018 г. у Сінгапуры, з’яўляецца пачаткам новага этапу, які дае надзею, нягледзячы на тое, што шлях будзе доўгім і складаным, заўважыў Апостальскі нунцыі ў Паўднёвай Карэі і Манголіі, арцыбіскуп Альфрэд Шуэрэб.

Ватыканскі дыпламат быў прызначаны на сваю пасаду ў лютым 2018 г., калі адносіны паміж ЗША і Паўночнай Карэяй былі вельмі напружанымі. Ён з радасцю заўважыў, што мінула некалькі месяцаў, а рыторыка цалкам змянілася: чуюцца словы, якія садзейнічаюць разрадцы і міру, бачныя стасункі, заснаваныя на згодзе.

Апостальскі нунцый падкрэсліў, што каталіцкая супольнасць у Паўднёвай Карэі перажывае гэты час з моцнай верай. Кожны аўторак у архікатэдральным касцёле Сеўла праходзіць малітва аб міры, а мясцовыя біскупы абвясцілі аб спецыяльнай навэнне, падчас якой вернікі будуць маліцца за палітыкаў і евангелізацыю Паўночнай Карэі.

“Апостальская Сталіца жадае падтрымліваць любую ініцыятыву на карысць дыялогу і прымірэння, выкарыстоўваючы яе для абвяшчэння Добрай Навіны Езуса, які з’яўляецца Панам ўсіх”, - сказаў дыпламат. Ён выказаў надзею, што мірны працэс паспрыяе не толькі матэрыяльнаму дабрабыту жыхароў Паўночнай Карэі, але і развіццю іх веры, што будзе ўздзейнічаць на жыццё краіны ў далейшым.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 чэрвеня 2018, 15:05