Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  ( AFP or licensors AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: нельга пазбаўляць мігрантаў годнасці

Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у абмеркаванні праекта Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулюемай міграцыі, які краіны-члены ААН дамовіліся прыняць да канца 2018 г.

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе нагадаў словы Францішка, які пажадаў, каб месца “глабалізацыі абыякавасці” заняла “глабалізацыя салідарнасці”, з асаблівай увагай да найбольш патрабуючых і ўразлівых членаў чалавечай сям’і.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што Святы Пасад падтрымлівае такую перспектыву дакумента, якая накіравана на ўзмацненне “міжнароднага супрацоўніцтва і сапраўднай салідарнасці паміж мігрантамі і супольнасцямі, якія іх прымаюць”.

“Змяненне становішча мігрантаў патрабуе гнуткіх падыходаў, здольных даць будучыню асобам, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны, і падтрымаць дзяржавы і супольнасці, якія іх шчодра прымаюць,”

- сказаў арцыбіскуп Юркавіч.

Паводле яго слоў, каб пазбегнуць далейшых канфліктаў, у цэнтры ўвагі павінны заўсёды быць “прызнанне, абарона і пашырэнне правоў чалавека”. Вымушанае перасяленне людзей часцей за ўсё з’яўляецца вынікам палітычных рашэнняў і злоўжыванняў, што вынікаюць з абмежаванага бачання чалавечай годнасці, перасцярог іерарх.

Нагадаўшы пра тое, што ў свеце ўсё вельмі цесна ўзаемазвязана, арцыбіскуп Юркавіч высока ацаніў прысутную ў праекце Глабальнай дамовы па міграцыі спасылку на “кліматычныя змены, прыродную дэградацыю і натуральныя катаклізмы”, якія ўплываюць на з’яўленне мігрантаў.

Дыпламат выказаў меркаванне, што найбольш поўны і надзейны спосаб прыйсці да доўгатрывалага вырашэння міграцыйнага пытання заключаецца ў забеспячэнні права кожнай асобы на годнае, мірнае і бяспечнае жыццё і развіццё ў краіне свайго паходжання.

Глабальная дамова па міграцыі павінна стаць першым пагадненнем, дасягнутым па выніках міжурадавых перамоў і заключаным пад эгідай ААН, якое ахопіць усе аспекты міжнароднай міграцыі і будзе насіць усебаковы і ўсёабдымны характар. Працэс яго распрацоўкі пачаўся ў красавіку 2017 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 чэрвеня 2018, 13:21