Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: трываласць свету залежыць ад моцных сем’яў

“Свет будзе настолькі трывалым, наколькі моцнымі будуць сем’і”, - адзначыў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 1 чэрвеня 2018 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку падчас сустрэчы з нагоды Сусветнага дня бацькоў.

“Сям’я з’яўляецца асновай будаўніцтва міру” - гэтае сцверджанне стала лейтматывам выступлення Пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры ААН. Ватыканскі іерарх перасцярог ад небяспекі, якую нясе для сем’яў індывідуалістычная ідэалогія, і заклікаў да вяртання гэтаму сацыяльнаму інстытуту яго спрадвечнай каштоўнасці.

Паводле арцыбіскупа Аусы, праз здаровыя адносіны ў сям’і ў дзяцей адбываецца фарміраванне паважлівага стаўлення да правоў іншых людзей, братэрства і салідарнасці. А праз выкананне хатніх спраў і дадзеных абяцанняў адбываецца кшталтаванне адказнасці перад узятымі абавязацельствамі, патлумачыў іерарх.

Пры гэтым сёння над інстытутам сям’і навісла пагроза ў выглядзе празмернага індывідуалізму, які “прывёў да абясцэньвання сямейных сувязей”. Сусветны дзень бацькоў у такім кантэксце павінен садзейнічаць аднаўленню гэтых сувязей, а таксама прызнанню значнасці таго ўнёску, які бацькі робяць на карысць грамадства, клапоцячыся аб дзяцях.

“Устойлівае развіццё нашых грамадстваў залежыць ад сумеснай працы маці і бацькаў па выхаванні не проста дзяцей, але ўсебакова і цэласна развітых асобаў,”

- заключыў іерарх, дадаўшы, што для гэтага неабходна выхоўваць, падтрымліваць і натхняць цяперашніх і будучых бацькоў да адказнага выканання гэтай жыццёва важнай ролі.

Сусветны дзень бацькоў штогадова адзначаецца 1 чэрвеня. Ён быў усталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2012 г., каб падкрэсліць вялізарную ролю, якую бацькі граюць у выхаванні і абароне дзеяцей, а таксама ролю сям’і ў цэлым. У гэты самы дзень адзначаецца Сусветны дзень абароны дзіцяці, які быў усталяваны ў 1949 г. па ініцыятыве Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 чэрвеня 2018, 15:05