Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад і Сан-Марына заключылі дамову ў сферы адукацыі

Святы Пасад і Рэспубліка Сан-Марына заключылі дамову адносна выкладання асноў каталіцкай веры ў дзяржаўных навучальных установах краіны.

Адпаведны дакумент быў падпісаны 26 чэрвеня 2018 г. З боку Апостальскай Сталіцы свой подпіс паставіў арцыбіскуп Эміль-Поль Шэрыг, Апостальскі нунцый у Італіі і Сан-Марына, а з боку Сан-Марына – Міністр замежных спраў Нікола Рэнцы.

Пагадненне, якое складаецца з прэамбулы і чатырох артыкулаў, пераглядае статут аб Выкладанні каталіцкай рэлігіі ў публічнай адукацыйнай сістэме і гарантуе навучэнцам дзяржаўных адукацыйных устаноў магчымасць атрымання ведаў, неабходных для знаёмства з верай, асабістага развіцця, разумення рэчаіснасці, гісторыі краіны і еўрапейскай культуры.

Дакумент прадугледжвае, што вучэбныя праграмы і формы навучання, крытэрыі выбару выкладчыкаў і падручнікаў для арганізацыі выкладання асноў каталіцкай веры ў школах Сан-Марына будуць сумесна распрацоўвацца кіраўніцтвам адукацыйнай сферы краіны і мясцовымі касцёльнымі ўладамі.

Пагадненне ўвойдзе ў сілу адразу пасля выканання шэрагу фармальных працэдур, прадугледжаных заканадаўствам абодвух бакоў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, якое 28 чэрвеня 2018 г. было апублікавана ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Пытанне аб важнасці рэлігійнай культуры ў працэсе адукацыі разглядалася парламентам Сан-Марына з лютага 2017 г. Таксама ў двухбаковай канвенцыі, падпісанай Святым Пасадам і Сан-Марына ў 1992 г., за каштоўнасцямі і прынцыпамі каталіцкай рэлігіі вызнаецца выключная роля ў фарміраванні тоеснасці жыхароў гэтай краіны.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2018, 12:33