Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да журналістаў: не скарацца перад усюдыіснай дынамікай СМІ

Каб не скарыцца перад усюдыіснай дынамікай СМІ, неабходна не забываць пра перыферыі, праўду і пакідаць месца для надзеі, падкрэсліў Святы Айцец падчас сустрэчы з членамі Фонда імя Б’яджа Аньеза.

Грамадскае аб’яднанне, прадстаўнікоў якога Папа прыняў 4 чэрвеня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане, штогадова ўручае аднайменную міжнародную журналісцкую прэмію. Яна была заснавана ў памяць аб былым кіраўніку італьянскага грамадскага тэлебачання “Rai” Б’яджа Аньезе.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Францішак заўважыў, што ў медыйнай сферы адбываюцца сур’ёзныя перамены, якія вядуць да таго, што класічныя формы перадачы і атрымання інфармацыі, а таксама мова СМІ, замяняюцца новымі.

“[Цяжка ўвайсці ў гэты працэс пераменаў, але гэта ўсё больш неабходна, калі мы надалей жадаем быць выхаваўцамі новых пакаленняў. Я заўважыў, што гэта цяжка, але дадам таксама, што для гэтага неабходна мудрае пільнаванне,]”

- адзначыў Папа.

Спасылаючыся на сваю энцыкліку “Laudato si’” ён нагадаў, што “дынаміка СМІ і лічбавага свету, калі становіцца ўсюдыіснай, не спрыяе развіццю здольнасцяў да мудрага жыцця, глыбокага мыслення, велікадушнай любові”, а “вялікім мудрацам мінулага пагражала б у гэтым кантэксце тое, што яны стануць сведкамі таго, як іх мудрасць прыглушаецца інфармацыйным шумам”.

Паводле Святога Айца, каб не скарыцца перад кепскім ўплывам дынамікі СМІ неабходна, у першую чаргу, звяртаць увагу на перыферыі. Важнымі з’яўляюцца не толькі вялікія цэнтры, дзе адбываюцца значныя падзеі, але таксама гісторыі асоб, якія жывуць на ўскраінах. Часта гэта гісторыі цярпення і дэградацыі, але таксама вялікай салідарнасці і ўзаемадапамогі, падкрэсліў ён.

Іншая заўвага Францішка тычылася неабходнасці пошуку праўды, нават калі гэта цяжка. Паводле яго слоў, роля журналіста заключаецца ў пераказе праўды нягледзячы на асабістыя ці карпартыўныя інтарэсы.

Святы Айцец таксама падкрэсліў, што інфармацыя, якая пераказваецца журналістамі, павінна ўтрымліваць элемент надзеі. Заданне заключаецца не толькі ў тым, каб распавесці пра здарэнне згодна з прынцыпамі свабоды і адказнасці, але таксама пакінуць адкрытае месца для выйсця, сэнсу, надзеі, перакананы Пантыфік.

Папа даў парады журналістам
Навіна ў фармаце аўдыё
04 чэрвеня 2018, 16:03