Cerca

Vatican News

Малітва за мір ва ўспамін гістарычнай сустрэчы ў Ватыкане

8 чэрвеня 2018 г. ва ўсім свеце прайшла акцыя “Адна хвіліна дзеля міру”. Гэта ўжо штогадовая традыцыя, натхнёная гістарычнай сустрэчай Францішка з лідэрамі Ізраіля і Палестыны.

Акцыя заключаецца ў тым, каб роўна ў 13.00 затрымацца на хвілінку і памаліцца аб міры ў свеце. Яе галоўная мэта – далучыць да ініцыятывы як мага больш людзей, каб тым самым спрыяць росту міралюбівай свядомасці.

Ініцыятары акцыі – Міжнародны форум руху свецкіх вернікаў “Каталіцкае дзеянне” – запрасілі асаблівым чынам памятаць у гэтай адмысловай малітве пра чатыры краіны – Калумбію, М’янму, Украіну і Бурундзі, дзе працягваюцца ўзброеныя канфлікты і да якіх няма належнай увагі з боку міжнароднай супольнасці.

Ініцыятары лічаць, што “малітва – гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці”, а “дапамога ў намаганнях змяніць яе” знутры. У дадзены кантэкст упісваецца таксама экуменічная сустрэча ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе, якая пройдзе 7 ліпеня 2018 г. у італьянскім Бары з удзелам Пантыфіка і Патрыярхаў Цэркваў рэгіёну.

Гістарычная сустрэча Пантыфіка з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, кіраўніком Палестыны Махмудам Абасам і Канстантынопальскім Патрыярхам Барталамеем І, якая натхніла на арганізацыю штогадовай акцыі “Адна хвіліна дзеля міру”, адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у ватыканскіх садах па ініцыятыве Францішка. Папа запрасіў палітычных і рэлігійных лідэраў разам прасіць Бога аб ласцы міру для ізраільскага і палестынскага народаў. “Для прымірэння патрэбна адвага нашмат большая, чым для вядзення вайны”, - сказаў тады Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 чэрвеня 2018, 14:43