Пасяджэнне ў Савеце Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне ў Савеце Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: трэба ўзмацняць прынцып вяршэнства закону

“Адказнасць – важны кампанент умацавання вяршэнства закону – павінна заставацца ў цэнтры нашых намаганняў па папярэджанні канфліктаў, будаўніцтве і падтрыманні міру”, – падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса ў ходзе адкрытай дыскусіі Рады бяспекі ААН на тэму ўзмацнення міжнароднага права як гаранта міру на сусветнай арэне. Пасяджэнне адбылося 17 мая 2018 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

“Гэтая адкрытая дыскусія – зручная магчымасць для таго, каб нагадаць, што асноўная адказнасць за забеспячэнне крымінальнага пераследу за цяжкія міжнародныя злачынствы і іншыя парушэнні правоў чалавека ўскладаецца на дзяржавы-члены ААН”, – сказаў ватыканскі дыпламат і ўхваліў канкрэтныя намаганні адпаведных краін па выкананні прынятага імі абавязацельства гарантаваць недапушчэнне беспакаранасці за злачынствы. Гаворка ідзе пра ўстанаўленне спецыяльных міжнародных крымінальных судоў для расследавання выпадкаў генацыду, ваенных і іншых злачынстваў супраць чалавецтва ў ходзе мінулых і актуальных канфліктаў.

“[Адказнасць за сур’ёзныя правіннасці і парушэнне чалавечых правоў, а таксама неабходнасць аднаўлення справядлівасці нельга ігнараваць або ахвяраваць імі ў імя няўстойлівай, часовай псеўдастабільнасці]”

- перасцярог іерарх. На яго думку, мір можа захоўвацца толькі пры наяўнасці правасуддзя.

Для вырашэння праблем, звязаных з парушэннем чалавечых правоў і міжнароднага права, патрэбна шматгранная і належным чынам упарадкаваная стратэгія правасуддзя, працягнуў арцыбіскуп Ауса. Пры гэтым “прыярытэтную ўвагу трэба надаваць забеспячэнню доступу да правасуддзя тым, хто часта зносіць найбольшыя пакуты ў канфліктах, – жанчынам, дзецям, асобным рэлігійным і этнічным групам, чые галасы, хутчэй за ўсё, застануцца непачутымі ў ходзе мірных перамоў і падчас постканфліктых працэсаў”.

Менавіта дзякуючы ўзмацненню прынцыпу вяршэнства закону мы зможам пазбегнуць не толькі многіх канфліктаў, але і канкрэтных праяў міжнародных адносін, якія засноўваюцца на этыцы “страху і недаверу”, што нясе ў сабе рызыку “ўзаемнага вынішчэння”, сцвердзіў прадстаўнік Святога Пасаду.

18 мая 2018, 14:17