Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: медыцына павінна мець усеабдымны характар

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у працоўных дыскусіях на 71-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя.

Форум праходзіць з 21 па 26 мая 2018 г. у Жэневе. На ім арцыбіскуп Іван Юркавіч казаў пра неабходнасць забеспячэння ўніверсальнага ахопу чалавецтва медыцынскімі паслугамі і рашуча адмоўную пазіцыю Святога Пасаду адносна легалізацыі абортаў.

Іерарх прызнаў, што за апошнія дзесяцігоддзі зроблены вялікі крок у напрамку забеспячэння ўніверсальнага доступу людзей да медыцынскіх паслуг, аднак да жаданага выніку яшчэ далёка, “бо для многіх бедных супольнасцей, сем’яў і асоб доступ да так неабходных медыцынскіх паслуг застаецца недасягальнай мэтай”.

“Сотні мільёнаў людзей апынаюцца ва ўмовах крайняй беднасці з-за неабходнасці цалкам аплочваць медыцынскія паслугі за кошт уласных мізэрных сродкаў”, у той час як кожны чалавек павінен мець магчымасць карыстацца імі без рызыкі збяднення. “Пачуццё салідарнасці заахвочвае нас працаваць у гэтым кірунку”, - сцвердзіў ватыканскі дыпламат.

У гэтай справе патрэбны моцны энтузіязм і канкрэтныя намаганні з боку палітычных структур. Медыцынская сістэма кожнай асобна ўзятай краіны павінны ставіць у цэнтры ўвагі асобу, актыўна ўключаць у сваю дзейнасць прыватны сектар, значную частку якога нярэдка складаюць рэлігійныя ўстановы, дзякуючы якім медыцына становіцца даступнай нават у самых аддаленых і недасяжных зонах, адзначыў арцыбіскуп Юркавіч.

Іерарх нагадаў пра моцную залежнасць стану здароўя насельніцтва ад экалагічнай сітуацыі, якая, як вядома, штогод пагаршаецца і патрабуе ад міжнароднай супольнасці рашучых дзеянняў па эфектыўным рэагаванні на працэсы кліматычных змен. “Толькі забруджанае паветра правакуе штогод каля 6,5 мільёнаў смяротных выпадкаў – гэта адзін з галоўных фактараў рызыкі для чалавечага здароўя”, – сказаў ён.

Пры абмеркаванні пытання здароўя жанчын, падлеткаў і дзяцей асабліва востра ўздымалася праблема абортаў.

“[Святы Пасад не можа пагадзіцца з супярэчлівай ідэяй, нібы аборт з’яўляецца сродкам абароны правоў жанчын; насамрэч, ён адмаўляе асноўнае права самога ненароджанага дзіцяці – яго права на жыццё]”

- заключыў арцыбіскуп Юркавіч.

Ватыканскі дыпламат у чарговы раз нагадаў, што Святы Пасад не лічыць абартыўныя працэдуры элементам рэпрадуктыўнай медыцыны, не ўхваляе ніякіх заканадаўчых мер, якія б легалізавалі гэтую з’яву і не падтрымлівае намаганняў ААН па легалізацыі абортаў на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 мая 2018, 13:25