Святы Айцец прыняў бельгійскіх медыя-экспертаў Святы Айцец прыняў бельгійскіх медыя-экспертаў 

Святы Айцец прыняў бельгійскіх медыя-экспертаў

Сведчыць аб Хрысце праз прысутнасць у публічнай сферы, заклікаў Францішак членаў бельгійскай каталіцкай асацыяцыі “Logia”, якая аб’ядноўвае журналістаў і экспертаў у сферы камунікацыі рэгіёна Фландрыя.

 12 мая 2018 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі у ватыканскім Апостальскім палацы каля 100 прадстаўнікоў гэтага аб’яднання.

“У кантэксце секулярызаванага грамадства, дзе некаторыя жадаюць загнаць рэлігію ў патаемны ўнутраны свет людзей, мэта вашай асацыяцыі падкрэслівае, што “сапраўдная вера (...) заўсёды прадугледжвае глыбокае жаданне змяняць свет, перадаваць каштоўнасці, пакідаць нешта лепшае пасля нашага зямнога пілігрымавання”, - заўважыў Пантыфік.

“[Трэба мець жаданне дэманстраваць, словамі і ўчынкамі, што вера ў Езуса Хрыста ніколі не можа быць сінонімам закрытасці, бо з’яўляецца дарам, які Бог прыносіць кожнаму чалавеку ў якасці шляху, што вызваляе ад граху, смутку, унутранай пустаты, ізаляцыі і з’яўляецца крыніцай радасці, якой нас ніхто не можа пазбавіць]”

- дадаў Святы Айцец.

Прысутнасць членаў асацыяцыі ў публічнай сферы і СМІ паказвае, што рашэнне ісці за Хрыстом і рэалізаваць Яго словы, ніколі не азначае адмовы ад таго, што чалавечае, але спрыяе развіццю талентаў і кампетэнцыі на карысць усіх, на будаванне больш справядлівага і братэрскага грамадства, паводле Божага сэрца, падкрэсліў Папа.

Ён параіў сваім гасцям, праз малітву і прыняцце сакрамэнтаў, нястомна прасіць Святога Духа аб святасці, каб “кожны момант жыцця быў выразам любові, падоранай пад позіркам Пана”. Францішак заахвоціў медыя-экспертаў развіваць братэрскія сувязі, каб уласным прыкладам спрыяць будаванню культуры сустрэчы і дыялогу ў грамадстве.

Сустрэча Папы з членамі асацыяцыі "Logia"
Навіна ў фармаце аўдыё
12 мая 2018, 13:57