Кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы Кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы 

Кардынал Паралін: на Карэйскім паўвостраве запалілася надзея

“Запалілася вялікая надзея пасля рызыкі магчымага ядзернага канфлікту”, - адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, каментуючы пачатак дыялогу на Карэйскім паўвостраве.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы спаслаўся на меркаванні некаторых экспертаў, паводле якіх Паўночная Карэя дагэтуль выкарыстоўвала свой ядзерны патэнцыял, спрабуючы прымусіць ЗША да перамоваў, каб выйсці з ізаляцыі і пачаць эканамічны рост, у якім яна мае вялікую патрэбу. Кардынал Паралін лічыць сур’ёзнымі цяперашнія намеры паўночнакарэйскага лідэра.

“[Шлях вельмі крохкі, на ім шмат перашкодаў, але той факт, што пачаліся перамовы, без далейшай эскалацыі праз ракетныя запускі, уяўляе сабой знак надзеі]”

- сказаў ён і звярнуў увагу на прыхільныя выказванні Кім Чэн Ына аб патрэбе ў дэнуклеарызацыі паўвострава.

У размове з журналістамі ў італьянскім горадзе Кьёджа, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пракаментаваў таксама адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем. Дыялог паміж бакамі вядзецца ўжо на працягу доўгага перыяду і нягледзячы на тое, што часам робіцца “адзін крок наперад, а два – назад”, на думку кардынала Дзяржсакратара, важна, што ён працягваецца.

Адказваючы на абвінавачванні, якія гучаць у адрас Святога Пасаду па прычыне вядзення перамоваў з камуністычнымі ўладамі, якія абмяжоўваюць рэлігійную свабоду, іерарх заўважыў, што “калі б улады не былі камуністычнымі і паважалі б рэлігійную свабоду, не было б патрэбы ў саміх перамовах”.

“[Дыялог з Кітаем не накіраваны на дасягненне палітычнага ці дыпламатычнага поспеху. Яго мэта ў тым, каб Касцёл у гэтай азіяцкай краіне мог дзейнічаць свабодна, каб быў адзіным, а вернікі маглі знаходзіцца ў еднасці са Святым Айцом, што з’яўляецца фундаментальным аспектам каталіцкай веры]”

- заўважыў кардынал Паралін.

“Яшчэ Бэнэдыкт XVI у сваім лісце да кітайскіх католікаў казаў, што мэтай усёй дзейнасці ў Кітаі павінна быць адзінства паміж двума супольнасцямі і еднасць усяго Касцёла ў Кітаі з Папам. Мы спадзяемся, што можна будзе дасягнуць пагаднення, асабліва ў пытанні прызначэння біскупаў. Мы маем таксама надзею, што гэта пагадненне будзе паважацца. З нашага боку існуе жаданне рабіць гэта і мы спадзяемся, што яно будзе таксама ў кітайскіх уладаў”, - прыводзіць словы ватыканскага іерарха італьянская “La Stampa”.

Адно з пытанняў журналістаў тычылася сітуацыі 23-месячнага англійскага хлопчыка Альфі Эванса, які памёр 27 красавіка 2018 г. у шпіталі Ліверпуля, пасля таго, як быў адключаны ад сістэмы жыццязабеспячэння, нягледзячы на жаданне яго бацькоў працягнуць лячэнне ў Італіі.

“[Гэта невытлумачальна. Гэта было тым, што меня найбольш здзівіла. Я не магу зразумець прычыны. Альбо, магчыма, яна ёсць і мае жудасную логіку. Папа і Апостальская Сталіца спрабавалі зрабіць усё магчымае, каб дапамагачы сям’і і забяспечыць дзіцятку суправаджэнне на працягу хваробы, нягледзячы на фатальны прагноз]”

- сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Кардынал Паралін прызнаўся, што асабіста быў вельмі засмучаны гэтым фактам. Ён распавёў, што ўрачы ватыканскай педыятрычнай клінікі тройчы ляталі ў Ліверпуль, спрабуючы дамовіцца са сваімі англійскімі калегамі, каб перавезці Альфі ў Рым, але заўсёды атрымлівалі адмову.

01 мая 2018, 16:40