Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа запрасіў бедных наведаць лёгкаатлетычны турнір

Дзякуючы ініцыятыве Папы, бедныя, бяздомныя, бежанцы і мігранты наведаюць турнір “Golden Gala” – спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, якія 31 мая 2018 г. пройдуць на рымскім Алімпійскім стадыёне.

Ініцыятыва будзе рэалізавана ў супрацоўніцтве паміж Апостальскай элемазінарыяй – структурай Святога Пасада, якая ад імя Пантыфіка, займаецца дапамогай самым бедным, і Італьянскай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, якая прадставіць “беднякам Святога Айца” месцы на трыбунах.

Спецыяльныя госці прыбудуць на стадыён у суправаджэнні валанцёраў дзвюх дабрачынных арганізацый: Супольнасці св. Эгідзія і “Cooperativa Auxilium”, а таксама супрацоўнікаў структур Апостальскай Сталіцы, якія ўваходзяць у склад лёгкаатлетычнай каманды “Athletica Vaticana”.

Як адзначаюць арганізатары, мэта ініцыятывы ў тым, каб праз папулярны від спорту падарыць бедным вечар, прасякнуты атмасферай свята і сяброўства, а таксама звярнуць увагу на каштоўнасці гасціннасці і салідарнасці.

“[Папа Францішак неаднаразова нагадваў, што бедныя маюць патрэбу не толькі ў ежы, вопратцы і месцы для начлегу, але і ў сяброўскім слове, усмешцы, нагодзе для радасці і здаровых забаў]”

- гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі.

Асобы, якія прыбудуць на турнір па запрашэнні Святога Айца, змогуць павячэраць прама на тэрыторыі Алімпійскага стадыёну, у сектары, які звычайна займаюць заўзятары футбольнага клуба “Roma”.

Міжнародны турнір “Golden Gala” праходзіць у Рыме штогадова з 1980 г. За час яго правядзення было ўстаноўлена восем сусветных рэкордаў.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
25 мая 2018, 12:06