Пошук

Папа падчас прэзентацыі аўтамабіля ў Ватыкане Папа падчас прэзентацыі аўтамабіля ў Ватыкане 

“Lamborghini”, падораны Папу, выставілі на аўкцыён

Элітны “Lamborghini”, падораны некалькі месяцаў таму Францішку, 12 мая 2018 г. пойдзе з малатка ў Манака, паведаміў аўкцыённы дом “Sotheby’s”. Кошт аўтамабіля ацэньваецца ў суму ад 250 да 350 тыс. еўра.

Даход прызначаць на тры дабрачынных праекты: адбудову дамоў, грамадскіх памяшканняў і храмаў у іракскай Нінэвіі, для забеспячэння вяртання туды мясцовых хрысціян; падтрымку жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі, у рамках праекту “Дом папы Францішка”; а таксама на фінансаванне праектаў у Афрыцы.

Аўтамабіль перадалі Францішку 15 лістапада 2017 г. у прысутнасці кіраўніцтва аўтавытворцы. Гэта ўнікальная версія, якая існуе ў адзіным экзэмпляры. “Аўтамабіль практычна новы і з таго часу не быў выкарыстаны”, - запэўнівае “Sotheby’s”.

Францішак не ўпершыню практыкуе такі спосаб дабрачыннасці. Падораны яму летам 2013 г. у гонар 110-годдзя прадпрыемства “Harley-Davidson” аднайменны матацыкл быў прададзены на аўкцыёне, а атрыманыя амаль 250 тыс. еўра перададзены рымскай “Caritas”.

Сам Папа, у якасці службовага, выкарыстоўвае аўтамабіль “Ford Focus”, з ватыканскага гаража.

03 мая 2018, 16:25