Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку

Святы Пасад у ААН: “не” для ядзернай зброі ў арсеналах і сэрцах

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў 30 красавіка 2018 г. на другой сесіі Падрыхтоўчага камітэта Канферэнцыі па разглядзе дзеяння Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 2020 г.

“Нераспаўсюджванне і раззбраенне з’яўляюцца не толькі этычным абавязкам, але маральным і юрыдычным абавязацельствамі ў адносінах да ўсіх членаў чалавечай сям’і”, - заявіў арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ён нагадаў, што Апостальская Сталіца суправаджае, падтрымлівае і заахвочвае любую карысную і шчырую ініцыятыву, накіраваную на будаванне лепшай будучыні ў духу сустрэчы і сяброўства паміж народамі.

“Зброя масавага знішчэння, асабліва ядзерная, стварае ілжывае пачуццё бяспекі, трагічную ілюзію “міру”, заснаваныя на страху”

- нагадаў ватыканскую пазіцыю дыпламат.

Людзі ж горача жадаюць сапраўднага міру, бяспекі і стабільнасці, якія з’яўляюцца супрацьлегласцю гэтаму пачуццю. Апостальская Сталіца лічыць, што ініцыятыва прымірэння на Карэйскім паўвостраве стала сведчаннем таго, што пытанне бяспекі, заснаванай на ядзерным раззбраенні можа і павінна быць вырашана тэрмінова. Іерарх выказаў спадзяванне, што ініцыятыва будзе падмацавана канкрэтнымі і эфектыўнымі мерамі. Ён лічыць, што МАГАТЭ павінна граць важную кантрольную ролю, істотную для ўмацавання даверу, міру і бяспекі, здольную прывесці да сапраўднага міру, пабудаванага на прынцыпах справядлівасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, свабоды, павагі да асноўных правоў чалавека, удзелу усіх і кожнага ў грамадскіх справах і ўмацавання даверу паміж народамі.

Апостальская Сталіца спадзяецца, што падрыхтоўка да Канферэнцыі 2020 г. паспрыяе агульнаму “абуджэнню сумлення” і ўмацаванню міжнародных намаганняў па інтэгральным ядзерным раззбраенні і нераспаўсюджванні, на аснове міжнародных прававых актаў.

“У кантэксце напружанасці і нестабільнасці на Блізкім Усходзе, жыццёва важна стварэнне ў гэтым рэгіёне зоны, свабоднай ад ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага знішчэння”

- агучыў ватыканскую пазіцыю арцыбіскуп Юркавіч. Ён заахвоціў да склікання спецыяльнай каферэнцыі на дадзеную тэму, як гэта было ўзгоднена папярэдне. Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы выказала перакананне, што працэс стварэння бяз’ядзерных зон ужо даўно павінен разглядацца з большай рашучасцю і ў тэрміновым парадку. Гэта паспрыяе развіццю рэгіянальнага і міжнароднага міру і стабільнасці.

Зброя масавага знішчэння ўвогуле не павінна быць часткай ваенных арсеналаў, але, перш за ўсё, дапушчальнасць яе выкарыстанне не павінна знайсці месца ў нашых сэрцах і розумах, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 мая 2018, 09:39