Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Бэнэдыкт XVI за чытаннем кнігі Бэнэдыкт XVI за чытаннем кнігі 

Бэнэдыкта XVI: без Бога Творцы этыка зводзіцца да прагматызму

У раней непублікаваным тэксце Бэнэдыкта XVI гучыць перасцярога ў сувязі з новай канцэпцыяй правоў чалавека, дзе няма спасылкі на Бога Творцу. У такой сітуацыі этыка зводзіцца да прагматызму, а множанне правоў чалавека – да іх фактычнага адмаўлення.

Пішучы аб правах чалавека, Бэнэдыкта XVI заўважае вырашальную ролю Яна Паўла II. Менавіта дзякуючы яму дадзеная тэма заняла важнае месца ў навучанні Касцёла. Святы Папа, як яго называе Бэнэдыкт XVI, больш чым рэфлексіяй, кіраваўся тут досведам супрацьстаяння з дзяржавай, асновай якой была марксісцкая ідэалогія. Для яго правы чалавека былі канкрэтнай зброяй, здольнай спыніць таталітарызм дзяржавы і забяспечыць права вернікаў вызнаваць сваю веру. Ян Павел II спасылаўся на вопыт хрысціянства першых стагоддзяў, якое, будучы першай рэлігіяй усеагульнага маштабу, вызначала межы ўлады дзяржавы. Яго вучэнне датычыць не толькі атэістычных таталітарных рэжымаў, але і ісламскіх краін.

“ Ідэя правоў чалавека захоўвае сваю непахісную сілу толькі тады, калі яна заснавана на веры ў Бога Творцу. Лібералізм, які выключае Бога, губляе сваю аснову ”

- гаворыцца ў неапублікаваным тэксце Бэнэдыкта XVI пад назвай “Калі Бог не існуе, правы чалавека гінуць”. Гэта роздум над кнігай італьянскага філосафа Марчэла Пэра пра Касцёл і правы чалавека. Папа на пенсіі напісаў яго праз паўтара года пасля сыходу. Афіцыйна ён будзе апублікаваны ў пятніцу 11 мая 2018 г. у сабранні яго тэкстаў пра веру і палітыку.

У другой частцы тэксту аб правах чалавека, Бэнэдыкт XVI паказвае абмежаванасць чыста рацыянальнай этыкі, якая абстрагуецца ад бачання чалавечай асобы, як створанай на вобраз Бога і абароненай Ім асаблівым чынам, і, такім чынам, будучай суб’ектам правоў.

“ Множанне правоў чалавека, у канчатковым рахунку, прыводзіць да раскладання ідэі закона, а таксама да прызнання за чалавекам нігілістычнага права негацыі самога сябе. Такім чынам, аборт, самагубства, вытворчасць чалавека з’яўляюцца правамі чалавека, і ў той жа час адмаўляюць іх ”

- напісаў Бэнэдыкт XVI у сваім раней не публікаваным разважанні.

Папа на пенсіі перасцерагае ад ігнаравання першароднага граху, што вядзе да наіўнай веры ў розум, якая не бачыць рэальнай складанасці рацыянальнага пазнання ў галіне этыкі. Ён падкрэслівае, што без Бога Творцы этыка зводзіцца да прагматызму, і спасылаецца на аналіз, які правёў той жа Пэра, паказваючы, што адбываецца з правамі чалавека, калі яны аддзелены ад ідэі Бога.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 мая 2018, 12:39