Пошук

Зоф’я Федаровіч. Мастачка-сцэнограф

У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі разглядае жыццё і творчасць Зоф’і Федаровіч, таленавітай сцэнографкі і мастачкі, чыя кар'ера была абмежавана раннім і трагічным канцом. Нарадзіўшыся ў Мінску ў 1893 годзе ў інтэлігентнай каталіцкай сям'і, яна атрымала адукацыю ў Кракаве і Маскве, а пазней пераехала ў Парыж, дзе прысвяціла сябе мастацтву, пішучы пейзажы, партрэты і нацюморты ў духу мадэрнізму. Актыўна займалася яна і скульптурай.

Падчас свайго побыту ў сталіцы Францыі Зоф’я Федаровіч днём займалася мастацтвам, а па начах… працавала таксісткаю! У тыя часы ў Парыжы, разам з ёй такіх жанчын-таксістак было ўсяго чатыры. У 1924 годзе польскі часопіс “Пані” нават прысвяціў ёй рэпартаж “Мастачка-шафёрка”! Дзякуючы рэпрадукцыям з таго часопіса мы можам уявіць сабе масштаб яе магутнага таленту. Яе карціны таго часу належаць да ліку лепшых авангардных твораў тае эпохі і пацвярджаюць вялікі талент Федаровіч.

Пасля пераезду ў Лондан Федаровіч прыняла брытанскае грамадзянства і працягнула сваю творчую дзейнасць як дызайнерка сцэнічных касцюмаў і тэатральная мастачка, але яе жыццё трагічна абарвалася ў 1953 годзе. Яе памяць увекавечана мемарыяльнай шыльдай на доме ў Чэлсі, творы захоўваюцца ў музеях. У Беларусі імя Федаровіч застаецца малавядомым.

30 студзеня 2025