Замагільнае жыццё
Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і Усіх памерлых вернікаў, вядомых у беларускай традыцыі як Дзяды, тэолаг Пётр Рудкоўскі падзяліўся некаторымі сваімі разважаннямі пра замагільнае жыццё.
Першага і другога лістапада – гэта дні, калі згадваем памерлых, якія збаўленыя. У дзень Усіх святых згадваем тых, што збаўленыя ўжо зараз. У дзень Усіх памерлых вернікаў – згадваем тых, што прабываюць у стане ачышчэння і будуць цалкам збаўленыя ў будучыні.
Нельга, аднак, абмінуць пытанне пра нязбаўленых, пра вечна асуджаных, то бок, пра пекла. Гэтая тэма шмат у каго спараджае цяжкасці, па той простай прычыне, што не зусім ясна, як гэта суадносіцца з бязмежнай Божай міласэрнасцю. Пекла – гэта своеасаблівы працяг стану нянавісці, з якім чалавек не пажадаў расстацца, магчымасць, якую Бог дапускае з увагі на павагу да свабоднай волі чалавека. Але мы пакліканы да збаўлення, да жыцця вечнага з Богам і нашымі блізкімі, якія ўжо адышлі або адыдуць у будучыні.