Пошук

Папа: Нікейскі Сабор – компас, які вядзе хрысціян да адзінства

Каталіцкі Касцёл адкрыты на пошук экуменічнага рашэння адносна адзінай даты святкавання Пасхі, - заявіў Святы Айцец падчас сустрэчы з удзельнікамі экуменічнага форуму, што прайшоў у Рыме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў экуменічнага сімпозіума “Нікея і Касцёл трэцяга тысячагоддзя: да каталіцка-праваслаўнага адзінства”, які праходзіў у Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабору.

Форум быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з Міжнароднай праваслаўнай тэалагічнай асацыяцыяй і пад патранатам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аснова для супольнага шляху католікаў і праваслаўных

“Нікейскі Сабор – гэта не толькі падзея мінулага, але і компас, які павінен працягваць весці нас да поўнага бачнага адзінства ўсіх хрысціян”, - сказаў Папа, адзначыўшы, што “Першы Экуменічны Сабор мае фундаментальнае значэнне для супольнага шляху, які католікі і праваслаўныя праходзяць разам з часоў Другога Ватыканскага Сабору”.

“Для ўсходніх Цэркваў, што ўспамінаюць яго ў сваіх літургічных календарах, Нікейскі Сабор – гэта не проста адзін з Сабораў ці першы ў шэрагу, але дасканалы Сабор, які абвясціў нормы хрысціянскай веры”, - нагадаў Святы Айцец.

Хрысціян больш яднае, чым раздзяляе

Пантыфік спаслаўся на дакумент Міжнароднай тэалагічнай камісіі, у якім гаворыцца, што 1700-годдзе Нікейскага Сабору – “бясцэнная нагода, каб падкрэсліць, што тое, што нас яднае, значна мацнейшае – і колькасна, і якасна – за тое, што нас раздзяляе”.

Вызнанне веры Нікейскага Сабору – шлях да адзінства

“Я перакананы, што, вяртаючыся да Нікейскага Сабору і разам чэрпаючы з гэтай агульнай крыніцы, мы зможам паглядзець на тое, што нас раздзяляе, у іншым святле. Праз тэалагічны дыялог і з Божай дапамогай мы прыйдзем да глыбейшага разумення таямніцы, якая нас яднае. Разам, цэлебруючы нікейскую веру і супольна яе вызнаючы, мы будзем таксама набліжацца да аднаўлення поўнай еднасці паміж намі”, - адзначыў Папа.

Прыклад для вырашэння тэалагічных пытанняў

Святы Айцец нагадаў, што Нікейскі Сабор “адкрыў перад Касцёлам сінадальны шлях для разгляду тэалагічных і кананічных пытанняў на паўсюдным узроўні”. Ён выказаў надзею, што супольная падрыхтоўка і святкаванне юбілею стане правідэнцыяльнай нагодай, каб “паглыбіць і супольна вызнаваць хрысталагічную веру, а таксама рэалізоўваць формы сінадальнасці сярод хрысціянаў усіх традыцый”.

Касцёл адкрыты на экуменічнае рашэнне адносна даты Пасхі

“Як вядома, адной з мэтаў Нікейскага Сабору было вызначэнне агульнай даты Пасхі, каб выказаць адзінства Касцёла на ўсёй “oikoumene”. На жаль, з-за розніцы ў каляндарах хрысціяне ўжо не могуць святкаваць разам найважнейшае свята літургічнага года, што стварае пастырскія цяжкасці ў супольнасцях, падзяляе сем’і і аслабляе сведчанне Евангелля”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV заўважыў, што падчас сімпозіума былі прапанаваны розныя рашэнні, якія дазволілі б, паважаючы прынцыпы Нікейскага Сабору, святкаваць разам “Свята cвятаў”. “У гэтым годзе, калі ўсе хрысціяне святкавалі Пасху ў адзін дзень, я хачу зноў пацвердзіць гатоўнасць Каталіцкага Касцёла шукаць экуменічнае рашэнне, якое паспрыяе агульнаму святкаванню Уваскрасення Пана”, - дадаў ён.

Адзінства – дар Святога Духа

Папа нагадаў, што “адзінства, да якога імкнуцца хрысціяне – гэта не вынік нашых намаганняў або загадзя распрацаваных мадэляў ці схем, а дар, атрыманы праз Святога Духа”. У гэтым кантэксце ён прапанаваў завяршыць сустрэчу супольнай малітвай аб дары адзінства.
 

07 чэрвеня 2025, 11:42