Леў XIV: даць выраз нашаму жаданню аздараўлення
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV прысвяціў катэхезу евангельскай гісторыі пра аздараўленне Езусам паралізаванага чалавека (Ян 5,1-9). Ён падкрэсліў, што гэта апавяданне можа дапамагчы праліць святло на сітуацыі, у якіх мы адчуваем сябе “заблакаванымі” і замкнёнымі ў безвыходнасці, калі спадзявацца і працягваць барацьбу здаецца бессэнсоўна, і мы апускаем рукі.
Касцёл – месца аздараўлення і атрымання надзеі
Пантыфік нагадаў, што Езус прыйшоў у Ерузалем на юдэйскае свята, але перш чым увайсці ў святыню, спыніўся ля брамы, дзе было шмат хворых. Яны не маглі ўвайсці ў храм, бо лічыліся нячыстымі. Адзінай іх надзеяй быў цуд, бо побач са святыняй знаходзілася купальня, і лічылася, што першы, хто ўвойдзе ў яе пасля ўзрушэння вады, будзе аздароўлены.
“Купальня называлася Бэтзата, што значыць “дом міласэрнасці”. Яна можа быць вобразам Касцёла, дзе збіраюцца хворыя і бедныя, і куды прыходзіць Пан, каб аздаравіць і падарыць надзею”, - сказаў Леў XIV.
Хочаш стаць здаровым?
У гэтым месцы Езус звярнуўся да 38-гадовага паралізаванага, які ніколі не паспяваў апусціцца ў купальню і амаль змірыўся са сваім лёсам. “На самай справе, тое, што нас паралізуе, гэта расчараванне. Мы адчуваем роспач і рызыкуем трапіць у апатыю”, - папярэдзіў Папа.
Пантыфік звярнуў увагу на пытанне, якое Езус скіраваў да хворага: “Хочаш стаць здаровым?”. Яно “здаецца непатрэбным”, але насамрэч “неабходнае, бо калі мы заблакаваныя шмат гадоў, можа нават знікнуць жаданне аздараўлення”.
“Часам мы аддаем перавагу заставацца ў стане хваробы, прымушаючы іншых клапаціцца пра нас. А часам гэта становіцца апраўданнем, каб не вырашаць, што рабіць з нашым жыццём. Але Езус вяртае гэтага чалавека да яго самага сапраўднага і глыбокага жадання”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Наша жыццё – у нашых руках
Адказваючы на пытанне Езуса, хворы мужчына выказаў сваё бачанне жыцця: перадусім ён сказаў, што не мае чалавека, які дапамог бы яму апусціцца ў купальню, і таму, маўляў, гэта не яго віна, а іншых, якія не клапоціцца пра яго. Потым дадаў, што, калі і спрабуе зрабіць гэта, іншыя апярэджваюць яго. Ён пазбягаў адказнасці і меў фаталістычны погляд на жыццё, лічыў сябе няшчасным чалавекам, які пацярпеў паразу ў жыццёвай барацьбе.
“Але Езус дапамагае яму зразумець, што яго жыццё – у яго ўласных руках. Ён заклікае хворага ўстаць, падняцца са свайго хранічнага стану і ўзяць свае насілкі. Гэтае ложа не трэба пакідаць ці выкідваць: яно сімвалізуе яго хворае мінулае, яго гісторыю. Раней мінулае яго паралізавала, прымушала ляжаць, як памерлага. Але цяпер ён можа ўзяць гэтыя насілкі і несці, куды захоча: сам вырашаць, што рабіць з уласнай гісторыяй. Ідзецца пра тое, каб ісці, бяручы на сябе адказнасць”,- падкрэсліў Папа.
Сэрца Хрыстова – сапраўдны дом міласэрнасці
“Дарагія браты і сёстры, папросім Пана аб дары разумення таго, дзе заблакавана наша жыццё. Паспрабуем даць голас нашаму жаданню аздараўлення. І будзем маліцца за ўсіх, хто адчувае сябе паралізаваным, хто не бачыць выйсця. Папросім аб тым, каб вярнуцца да жыцця ў Сэрцы Хрыстовым – сапраўдным доме міласэрнасці”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.