Пошук

Арцыбіскуп Роберт Прэвост, цяперашні Папа Леў XIV, і Папа Францішак Арцыбіскуп Роберт Прэвост, цяперашні Папа Леў XIV, і Папа Францішак  (Vatican Media)

Сведчыць пра прыгажосць веры: прыярытэты новага Папы

У 2023 годзе арцыбіскуп Роберт Фрэнсіс Прэвост, цяперашні Папа, а на той час нядаўна прызначаны прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару “Vatican News” Андрэа Тарнелі, у якім акрэсліў некаторыя са сваіх прыярытэтаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх амерыканскага паходжання, які прыбыў у Ватыкан з Перу, дзе служыў спачатку місіянерам, а потым біскупам, падкрэсліваў, што дагэтуль адчувае сябе місіянерам, пакліканым абвяшчаць Евангелле.

Гаворачы пра заданне біскупаў, тагачасны прэфект адзначаў, што ў першую чаргу яны павінны быць “каталіцкімі”, гэта значыць не засяроджвацца выключна на мясцовых справах, а быць уключанымі ў агульнакасцёльныя працэсы. Біскупу, на яго думку, патрэбна таксама здольнасць слухаць, шукаць парады, мець псіхалагічную і духоўную сталасць.

Цытуючы словы Папы Францішка, ён падкрэсліваў, што біскуп павінен быць блізкім да Бога, іншых біскупаў, святароў і Божага народу, не ізалявацца ў біскупскім палацы, задавальняючыся пэўным сацыяльным статусам і пазіцыяй у Касцёле.

Тагачасны арцыбіскуп заўважаў, што біскупы пакліканы самі сведчыць пра сваю блізкасць з Богам і вучыць людзей пазнаваць Яго. “Гэта стаіць на першым месцы: перадаваць прыгажосць веры, прыгажосць і радасць знаёмства з Езусам”, — дадаваў ён.

Прэфект звяртаў увагу таксама на пакліканне пастыраў спрыяць адзінству ў Касцёле і адзінству з Папам, бо падзелы – гэта “балючая рана на целе Касцёла, яны ні ў чым не дапамагаюць”.

Іерарх прыхільна ставіўся да ўключэння членаў Божага народу ў працэс абрання кандыдатаў на пасаду біскупа. “Гэта важна, бо біскуп пакліканы служыць мясцоваму Касцёлу. Таму выслухаць таксама і Божы народ – важна”, - казаў ён, удакладняючы: гэта не азначае, што выбіраць пастыра павінен сам мясцовы Касцёл – кансультацыі з ім дапамагаюць мець больш шырокі погляд.

Роберт Прэвост падкрэсліваў важнасць блізкасці пастыраў да ахвяр злоўжыванняў з боку духавенства. “Мы павінны быць празрыстымі і шчырымі, суправаджаць ахвяр і дапамагаць ім, бо ў адваротным выпадку раны не загояцца ніколі”, - казаў іерарх.

Каментуючы сінадальны працэс, прэфект адзначаў, што ёсць іерархі, якія адкрыта дэманструюць сваю занепакоенасць, бо не разумеюць, у якім кірунку ідзе Касцёл, магчыма, спадзеючыся на старую сістэму прыняцця рашэнняў. Гаворка ж ідзе пра тое, каб быць здольнымі слухаць адзін аднаго і слухаць Святога Духа. “Неабходна перайсці ад досведу, калі ўлады гавораць, а ўсе выконваюць, да досведу Касцёла, які належна цэніць харызматы, дары, служэнні, што існуюць у Касцёле”, - казаў ён.

Арцыбіскуп Прэвост падкрэсліваў, што ў сферы эканамічных пытанняў біскупы павінны быць добрымі адміністратарамі або мець здольнасць знаходзіць добрых адміністратараў. “Я асабіста не прытрымліваюся меркавання, што Касцёл павінен прадаць усё і выключна абвяшчаць Евангелле на вуліцах”, - прызнаваўся іерарх. Ён лічыць, што неабходна большая братэрская дапамога паміж мясцовымі Касцёламі: структуры ці інфраструктура, састарэлая ў багатых краінах, можа прыносіць карысць людзям у бедных. Біскупы павінны быць практычнымі, але і не забываць пра духоўнае вымярэнне свайго паклікання, каб не ператварыцца ў менеджэраў.

Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў адзначаў таксама каштоўнасць перадачы евангельскага паслання праз сацыяльныя СМІ і важнасць належнай фармацыі пастыраў у гэтай сферы. “Мы павінны шмат разоў падумаць, перш чым сказаць ці напісаць нешта ў Twitter, каб адказаць ці проста задаць пытанне ў публічнай форме, на вачах усіх. Часам мы рызыкуем умацаваць падзелы і палеміку. Належнае выкарыстанне сацыяльных сетак, камунікацыя, прадугледжваюць вялікую адказнасць, але таксама і рызыкі – яны могуць нашкодзіць адзінству Касцёла. Таму патрэбна вялікая разважлівасць пры выкарыстанні гэтых сродкаў”, - раіў тагачасны арцыбіскуп Фрэнсіс Прэвост.
 

08 мая 2025, 21:29