Папа Леў XIV наведаў сваіх былых суседзяў
Увечары 8 мая 2025 года Папа Леў XIV наведаў Палац Сант-Уфіцыа – будынак, у якім размяшчаецца Дыкастэрыя веравучэння. Новаабраны Папа жыў там ад нядаўняга часу.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік, які ўехаў у двор палаца на цёмным “Фольксвагене” з папскім нумарам SCV 1, быў цёпла сустрэты былымі суседзямі і супрацоўнікамі ватыканскай структуры, якія запэўнілі яго ў сваёй малітве – неабходнай для яго адказнага служэння.
Папа асабіста прывітаў прысутных, сфатаграфаваўся з тымі, хто гэтага хацеў, і нават благаславіў і падпісаў Біблію, якую яму працягнула дзяўчынка. Не звыклы яшчэ да свайго новага статусу, перш чым напісаць дэдыкацыю, Святы Айцец сказаў: “Я яшчэ мушу патрэніравацца падпісвацца, бо мой стары подпіс, напэўна, ужо не спатрэбіцца”, а потым спытаў: “Які сёння дзень?”. Напрыканцы сустрэчы ён благаславіў прысутных і падзякаваў ім за падтрымку.
09 мая 2025, 10:09