Пошук

Фрагмент Базілікі Святога Пятра Фрагмент Базілікі Святога Пятра  (ANSA)

Леў XIV пацвердзіў паўнамоцтвы кіраўніцтва Рымскай курыі

Новаабраны Папа Леў XIV прыняў першае афіцыйнае рашэнне – часова захаваць на пасадах усіх кіраўнікоў дыкастэрый Рымскай курыі і Дзяржавы Ватыкан, каб даць сабе час на разважанне і малітву.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Зала Друку апублікавала афіцыйны камунікат, у якім паведамляецца пра першае адміністрацыйнае рашэнне новага Пантыфіка. Леў XIV выказаў жаданне, каб кіраўнічы склад і чальцы ўстаноў Рымскай курыі, а таксама сакратары і старшыні Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан "часова працягвалі выкананне сваіх абавязкаў donec aliter provideatur (пакуль не будзе вырашана іначай)".

Час на разважанне і малітву

"Святы Айцец жадае даць сабе пэўны час на разважанне, малітву і дыялог перад ажыццяўленнем любых прызначэнняў ці канчатковага пацвярджэння", - гаворыцца ў камунікаце Святога Пасада.

Згодна з апостальскай канстытуцыяй "Universi Dominici Gregis", са смерцю Папы аўтаматычна спыняюцца паўнамоцтвы кіраўнікоў ватыканскіх дыкастэрый, дзяржаўнага сакратара і чальцоў большасці рад і камісій. Традыцыйна новаабраны Пантыфіка часова аднаўляе іх на пасадах перад увядзеннем змен ці паўторнымі прызначэннямі.

Афіцыйны пратакол прыняцця імя

Таксама 9 мая 2025 года быў афіцыйна апублікаваны тэкст пратакола прыняцця пасады Біскупа Рыма і выбранага імя новым Папам. Дакумент быў складзены арцыбіскупам Дыега Равэлі, майстрам папскіх літургічных цырымоній, які выконваў функцыі натарыуса падчас канклава.

У пратаколе адзначаецца, што кардынал Роберт Прэвост прыняў кананічнае абранне на "Найвышэйшага Пастыра" і выбраў "імя Леў XIV". Абранне адбылося 8 мая 2025 года.
 

09 мая 2025, 14:45