Пошук

Францішак уручае кардынальскі берэт Роберту Прэвосту, сённяшняму Папу Льву XIV Францішак уручае кардынальскі берэт Роберту Прэвосту, сённяшняму Папу Льву XIV 

Папа Леў XIV: успаміны пра свайго папярэдніка Францішка

Кардынал Роберт Прэвост, абраны 8 мая 2025 года 267-м Біскупам Рыма, у сваім апошнім інтэрв'ю “Vatican News”, дадзеным з нагоды смерці Папы Францішка, падзяліўся ўспамінамі пра папярэдніка і яго спадчыну.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле слоў Льва XIV, у асобе Францішка яго заўсёды ўражвалі такія якасці, як паслядоўнасць, аўтэнтычнасць, імкненне жыць у адпаведнасці з Евангеллем і асаблівая блізкасць да бедных і пакутуючых.

Першыя сустрэчы ў Аргенціне

Абраны Пантыфік успамінае, што пазнаёміўся з Хорхэ Марыа Берголіа, калі той быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. У час, калі Прэвост займаў пасаду генеральнага прыёра Ордэна аўгустынцаў, ён меў магчымасць неаднаразова сустракацца з будучым Папам падчас сваіх візітаў у Аргенціну.

"Ён перадаў усім нам гэты дух імкнення працягваць тое, што пачалося з Другога Ватыканскага Сабора, неабходнасць пастаяннага абнаўлення Касцёла, semper reformanda est," - разважае сённяшні Леў XIV.

Адной з цікавых гісторый, якой ён падзяліўся, была сустрэча з Папам Францішкам пасля яго абрання. 13 сакавіка 2013 года Пантыфік цэлебраваў сваю першую публічную Імшу ў парафіі святой Анны ў Ватыкане, даручанай апецы аўгустынскіх манахаў, і там адбылася іх сустрэча.

"Я задаваўся пытаннем, ці ўспомніць ён мяне, і калі ён прыйшоў і ўвайшоў у сакрыстыю, убачыўшы мяне, ён адразу пазнаў мяне, і мы пачалі размаўляць," - узгадвае новаабраны Пантыфік.

Клопат пра бедных і пакутуючых

Ён падкрэсліў асаблівую ўвагу Францішка да бедных і пакутуючых і ўзгадаў першае апостальскае падарожжа Пантыфіка на Лампедузу і яго блізкасць да мігрантаў.

Цяперашні Пантыфік згадвае таксама апошні візіт Францішка ў турму “Regina Coeli” ў Вялікі Чацвер: "Гэты жэст гаворыць вельмі шмат: яго жаданне пайсці, нягледзячы на шматлікія праблемы са здароўем і цяжкасці, каб, як і кожны год, адзначыць гэты такі важны дзень у жыцці Касцёла з зняволенымі, і такім чынам перадаць ім гэтую блізкасць, гэтую любоў, якую Езус пакінуў усім нам".

Штотыднёвыя сустрэчы і служэнне Касцёлу

На працягу апошніх двух гадоў у сённяшняга Папы Льва XIV, як у тагачаснага прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, былі рэгулярныя штотыднёвыя сустрэчы з Францішкам.

"Да самага канца ён хацеў аддаваць усё свайму служэнню, працы, служэнню ў Касцёле," - распавядае ён. "Спачатку гэта было ў 8 гадзін раніцы. Але часам я прыходзіў у 7.30, і ён ужо чакаў мяне, таму я пачаў прыходзіць трохі раней, а часам ён прыходзіў яшчэ раней".

Падчас гэтых сустрэч абмяркоўваліся важныя пытанні, але Францішак часта дадаваў рэкамендацыю: "Ён казаў мне, сярод іншага, у канцы аўдыенцыі: "Не губляй пачуцця гумару, трэба ўсміхацца".

Спадчына Папы Францішка

На пытанне пра тое, як прыняць спадчыну Францішка, Леў XIV адказвае з глыбокім разважаннем: "Я, прынамсі, буду патрабаваць шмат часу, каб ацаніць, каб сапраўды зразумець, што Папа пакінуў мне, Касцёлу і свету".

Успаміны кардынала Прэвоста, сённяшняга Папы Льва XIV, адлюстроўваюць глыбокую павагу і ўдзячнасць за служэнне Папы Францішка, які да апошніх дзён заставаўся верным свайму пакліканню і місіі.
 

08 мая 2025, 20:49