Інаўгурацыйная Імша Папы Льва XIV адбудзецца 18 мая
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Пасад апублікаваў графік афіцыйных мерапрыемстваў новаабранага Пантыфіка на бліжэйшыя дні. 10 мая 2025 года Леў XIV сустрэнецца з кардыналамі, а 11 мая правядзе першую малітву “Regina Caeli” з лоджыі ватыканскай базілікі.
"Сустрэча з вернікамі падчас “Regina Caeli” стане першай магчымасцю для пілігрымаў атрымаць бласлаўленне новаабранага Папы", - адзначаецца ў камунікаце Прэфектуры Папскага дому.
12 мая 2025 года Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі сусветных СМІ, а 16 мая прыме прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, што падкрэсліць яго ролю не толькі як духоўнага лідара, але і кіраўніка Дзяржавы Ватыкан.
Пасля інаўгурацыійнай Імшы, 20 мая 2025 года, Папа наведае Базіліку Святога Паўла па-за Мурамі, а 21 мая правядзе першую агульную аўдыенцыю. 24 мая адбудзецца сустрэча з супрацоўнікамі Рымскай курыі і Дзяржавы Ватыкан.
Цыкл афіцыйных падзей працягнецца 25 мая 2025 года, калі Папа Леў XIV наведае Латэранскую Базіліку і Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, што традыцыйна сімвалізуе яго ўступленне на пасаду Біскупа Рыма і зямнога галавы Каталіцкага Касцёла.