Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Стан здароўя Святога Айца паступова паляпшаецца

4 красавіка 2025 года ў Ватыкане была апублікавана новая інфармацыя аб стане здароўя Папы Францішка, які працягвае лячэнне ў ватыканскім Доме святой Марты, спалучаючы яго з працоўнай дзейнасцю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Стан Папы сведчыць пра далейшае невялікае паляпшэнне дыхання, маторыкі і голасу. Новыя аналізы крыві, узятыя ў апошнія дні, паказваюць невялікае зніжэнне інфекцыйных працэсаў.

Францішак надалей праходзіць фармакалагічную, рухальную і рэспіраторную тэрапіі. Патрэба ў высокапаточнай кіслароднай падтрымцы крыху знізілася: у дзённы час яна ажыццяўляецца ў звычайным рэжыме, а ў начныя гадзіны – пры неабходнасці праз назальныя канюлі.

Пантыфік працягвае сваю працоўную дзейнасць і захоўвае добры настрой. У апошнія дні ў яго не было асаблівых візітаў. 4 красавіка Папа сачыў па відэасувязі за велікапосным казаннем айца Раберта Пазаліні ў Зале Паўла VI, а ў сераду, 2 красавіка – за Імшой, якую кардынал П’етра Паралін цэлебраваў з нагоды 20-й гадавіны смерці святога Яна Паўла ІІ.

Адносна цэлебрацый Вялікага тыдня, казаць пакуль заўчасна. Паведамляецца, што ў бліжэйшую нядзелю “Анёл Панскі” можа прайсці ў іншым фармаце, чым у папярэднія, але больш дэтальная інфармацыя на гэты конт будзе пададзена 5 красавіка.
 

 

04 красавіка 2025, 12:28