Пантыфік да моладзі “Opus Dei”: быць цярплівымі ў надзеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік адзначыў у сваім кароткім пасланні, што сёлета студэнцкі кангрэс праходзіць у кантэксце дзвюх важных юбілейных дат: Святога 2025 года і 100-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння святога Хасэмарыі Эскрывы. “Колькі прычын для таго, каб дзякаваць Богу і працягваць шлях з запалам у веры, працавітасцю ў любові і цярплівасцю ў надзеі!”, - падкрэсліў Францішак.
“Раздзяляю вашу радасць і суправаджаю вас маёй малітвай, просячы Пана, каб гэты час пілігрымкі і братэрскай сустрэчы натхніў вас несці ўсім Евангелле Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага, як абвяшчэнне надзеі, што спаўняе абяцанні, вядзе да радасці і, заснаваная на любові, не падвядзе”, - напісаў Святы Айцец, удзяляючы ўдзельнікам кангрэса благаслаўленне і просячы не забывацца маліцца за яго.
Міжнародны кангрэс “UNIV” – ініцыятыва святога Хасэмарыі Эскрывы, заснавальніка “Opus Dei”. Сёлета форум праходзіць з 12 па 20 красавіка 2025 года з удзелам каля тысячы студэнтаў з пяці кантынентаў. На працягу Вялікага тыдня яны будуць удзельнічаць у святочных цэлебрацыях, канферэнцыях, выставах і круглых сталах.